Відэаблогераў з Пінска пакараюць за сход падпісчыкаў на плошчы

Відэаблогераў з Пінска пакараюць за сход падпісчыкаў на плошчы

19 лістапада на плошчы Леніна ў Пінску прайшла сустрэча фанатаў канала "Топавы Пінск", які існуе ў сацсетцы "Вконтакте", і аднайменнага YouTube-канала. На сход прыйшлі сотні пінскіх школьнікаў. Многія вялі стрымы з гэтай сустрэчы, відэаблогеры ды іх падпісчыкі ўскараскаліся на пастамент помніка Леніну і адтуль звярталіся з прамовамі, піша media-polesye.by.

Адно з рэгіянальных інтэрнэт-СМІ апісала сход як незаконнае масавае мерапрыемства. Журналіст выдання падрабязна апісаў усе заўважаныя ім парушэнні: непрышпілены рамень бяспекі (хлопцы здымалі відэа ў сваім аўто, калі ехалі на сустрэчу), парушэнне правіл перавозкі пасажыраў, дробнае хуліганства, нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы, абразлівае прыставанне да грамадзян ды "іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, дзейнасць арганізацый або спакой грамадзян і выражаюцца ў відавочнай непавазе да грамадства". Напрыканцы журналіст задаўся пытаннем, чаму за гэты сход ніхто не быў пакараны.

І 12 снежня на канале ТРК "Пінск" выступіў прадстаўнік Пінскага ГАУС. Ён заявіў, што на плошчы Леніна адбылося масавае мерапрыемства з удзелам падлеткаў і што яно было праведзенае з парушэннем заканадаўства. Удзельнікі сходу апавешчаныя праз сацсеткі, а арганізатара чакае штраф да 20 базавых велічынь (485 рублёў).

Праверкай падзеі заняліся не толькі міліцыянты, але і прадстаўнікі іншых служб. У выніку ў класных кіраўнікоў 4-11-х класаў запатрабавалі інфармацыю пра вучняў, зарэгістраваных у групе "Топавы Пінск". Таксама ў школах адбыліся бацькоўскія сходы, прысвечаныя пабліку. А адміністратары групы самі папрасілі пінскіх школьнікаў пакінуць групу, каб не было праблем.

Заснавальнікамі групы і YouTube-канала з'яўляюцца 19-гадовыя браты Шарыкала Ілля і Яўген. Дарэчы, летам 2018 года яны атрымалі срэбраную кнопку ад YouTube. Відэахостынг узнагароджвае гэтым знакам тыя каналы, якія маюць больш за 100 тысяч падпісчыкаў. Браты здымаюць гумарыстычныя скетчы пра жыццё маладых людзей, кожны з іх відэаролікаў набірае больш за 100 тысяч праглядаў.

Відэаблогераў з Пінска пакараюць за сход падпісчыкаў на плошчы
Фота з сацсетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі