Відэа: Наколькі бяспечна праязджаць месца гібелі раварысткі?

“Створаная аператыўная група на базе адміністрацыі раёна. Туды ўваходзяць прадстаўнікі Рэмаўтадора, БАЭС, Мінскага роварнага таварыства. Праводзіцца маніторынг веладарожкі. І потым на яго падставах прымаюцца рашэнні — ці патрэбны нейкі рамонт. Напрыклад, калі прасяданне палатна альбо яшчэ нешта”, — расказвае Еўрарадыё дырэктар фізкультурна-аздараўляльнага цэнтра Цэнтральнага раёна Мінска Алег Чысалаў.

Адказнымі за стан самай працяглай і знакамітай сталічнай веладарожкі цікаўлюся пасля начной паездкі па ёй. Праехаўшы дарожку амаль цалкам — ад аквапарка да Серабранкі, — на ўласнай шкуры запэўніваюся: ездзіць па ёй лепш марудна, асцярожна і днём. Іначай можна паўтарыць лёс 24-гадовай дзяўчыны, якая сутыкнулася з іншым веласіпедыстам, моцна ўдарылася галавой і праз некалькі гадзін памерла.

Так выглядае рух на веладарожцы увечары.

Сярэдняя хуткасць раварыстаў на веладарожцы — каля 20 кіламетраў за гадзіну. Сустрэчная — ужо 40. Гэтага дастаткова для самых сумных наступстваў аварыі. Тым больш што раварыстаў цёплым летнім вечарам на дарожцы процьма — толькі паспяваю ўварочвацца ад сустрэчных.

Але па-сапраўднаму страшна на веладарожцы з надыходам цемнаты. Добра калі тры з дзесяці сустрэчных веласіпедаў маюць ліхтарык. Разгледзець нешта за паваротамі дарожкі немагчыма — сустрэчныя сілуэты вымалёўваюцца ў апошні момант перад раз’ездам. Яшчэ горш з аматарамі ролікавых канькоў — катаюцца яны амаль бясшумна, на сабе не маюць нават флікераў. За 25 кіламетраў дарожкі ледзьве не збіваю ў цемры траіх.

Так - уначы.

Праязджаю тое месца, дзе загінула веласіпедыстка, — кароткі ўчастак побач з лыжа-ролернай трасай, размешчаны паміж двума мастамі. Калі проста каціцца з боку “Мінск-Арэны” не круцячы педалі (менавіта адтуль рухалася загінулая дзяўчына), хуткасць паміж мастамі дасягае 30 кіламетраў за гадзіну. Страшнавата нават на пустыннай веладарожцы. Тым больш слаба асветленай — побач з месцам гібелі дзяўчыны не гарыць кожны другі ліхтар. А бліжэй да Серабранкі можна ехаць у поўнай цемры сотні метраў.

Участак дарожкі, на якім загінула раварыстка.

Алег Чысалаў расказвае, што акурат з рамонтам асвятлення на веладарожцы могуць узнікнуць замінкі.

“Маніторынг у нас праводзіцца ў светлы час сутак. Таму мы ведаем пра праблему з асвятленнем толькі калі паступаюць нейкія скаргі. Але рамонтам асвятлення мы не займаемся — накіроўваем інфармацыю ў Гарсвятло. Гэта арганізацыя пры Мінгарвыканкаме. Як аператыўна яны зрэагуюць, цяжка сказаць”.

Праблем з добраўпарадкаваннем дадае тое, што адзінай арганізацыі, адказнай за стан веладарожкі, проста не існуе. У Мінгарвыканкаме гавораць, што кожны з раёнаў горада адказвае за свой участак. Калі дадаць сюды Гарсвятло, колькасць адказных амаль зашкальвае. Што не замінае стану веладарожкі пагаршацца год за годам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі