Віцебская кавярня завышала кошты на каньяк у 13 разоў

Віцебская кавярня завышала кошты на каньяк у 13 разоў

У Віцебску аштрафавалі кавярню таварыства з абмежаванай адказнасцю "К". Прычынай, як пішуць "Народныя навіны Віцебска", стала тое, што гарэлку і каньяк беларускай вытворчасці там прадавалі з завышанымі цэнамі.

Фактычная нацэнка на гарэлку ў кавярні склала 72-73%, а на каньяк маркі "А" — ажно 801,8%. Між тым, максімальна дазволеная законам нацэнка — 60%.

Дырэктар ТАА заявіў, што не лічыў каньяк беларускай прадукцыяй, на які накладаюцца абмежаванні па гандлёвай нацэнцы. Ён спасылаўся на тое, што этыкетка на бутэльцы называе вытворцам прадукцыі ААТ "Ерэванскі каньячна-вінагарэлачны камбінат "Арарат". У той жа час разлілі па бутэльках каньяк у Беларусі.

Эканамічны суд Віцебскай вобласці канстатаваў, што алкагольныя напоі, вырабленыя ці разлітыя ў Беларусі, лічацца таварамі айчыннай вытворчасці. Фірму аштрафавалі на 416 рублёў 4 капейкі, а самога дырэктара — на 21 рубель.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі