Ветэрану-афганцу адмаўляюць у пуцёўцы, якую ён чакаў 3 гады

Гэты цэнтр знаходзіцца ў Віцебску і лічыцца агульнабеларускім. Пуцёўку Андрэй чакаў больш за тры гады. І вось 17 студзеня прыйшоў у паліклініку. Афганец пераказаў нам сваю размову з медсястрой:

Добра, што зайшоў, вось з 28 студзеня ёсць пуцёўка, я ўжо хацела званіць табе, паедзеш? Я гавару: “Вядома, трэба ехаць”. Так, кажа, ты ж тры гады на чарзе стаяў, цяпер толькі далі. Добра, кажу, што там трэба далей? Прыязджай у панядзелак, дваццаць сёмага, забярэш накіраванне, выпіску з УКК (Еўрарадыё. — урачэбна-кваліфікацыйная камісія), і дваццаць восьмага трэба ўжо быць у Віцебску”.

Андрэй забраў у бухгалтэрыі паліклінікі пуцёўку, паведаміў на працу, і пачаў рыхтавацца да паездкі. Заставалася толькі атрымаць накіраванне ў старшыні УКК. Але вось тут і пачаліся праблемы. Старшыні УКК Тамары Далманавай не было на месцы, і прыйшлося звярнуцца да лечачага ўрача Антона Жучка. Лекар паведаміў, што ёсць адзін нюанс, працягвае Андрэй Латушка:

“Вам туды ехаць нельга, з вашымі захворваннямі вам супрацьпаказана. Я прыйшоў у бухгалтэрыю, сказаў ім, яны — як так, што такое, цэнтр рэабілітацыі, і афганцу нельга? Там жа прыязджаюць з усімі захворваннямі… Я гавару, а што ўжо толькі здароваму трэба ехаць туды, у гэты цэнтр рэабілітацыі?”

У бухгалтэрыі паліклінікі афганцу паабяцалі вырашыць пытанне і датэлефанаваліся да старшыні УКК. Але і тая адказала, што не падпіша накіраванне. Спадар Андрэй быў вельмі здзіўлены, бо раней яна такое накіраванне яму падпісвала.

Андрэй Латушка звярнуўся па дапамогу ў глыбоцкі райваенкамат, але і там яму нічым канкрэтным не дапамаглі. Як кажа Андрэй, у ваенкамаце пра афганцаў узгадваюць у асноўным толькі раз на год, перад 15 лютага, калі адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. У такой сітуацыі афганец вырашыў звярнуцца да прадстаўнікоў СМІ. Мы пацікавіліся ў лекара Антона Жучка, чаму былому салдату не даюць доўгачаканую пуцёўку:

“Мы яму не адмовілі, мы з яго жонкай гэта абмяркоўвалі, то бок цяпер вяртаецца старшыня УКК і гэта пытанне будзе вырашацца, таму што выразна ў пуцёўцы, якая прыйшла, ёсць супрацьпаказанне — эпілепсія. То бок, я прытрымліваўся дакументацыі, што паступіла мне на рукі. Мы гэта пытанне з ім абмяркоўвалі, і да прыезду старшыні УКК на наступным тыдні мы вырашым гэта пытанне ў індывідуальным парадку”.

Пракаментаваць сітуацыю з пуцёўкай таксама папрасілі і ваеннага камісара глыбоцкага ваенкамата падпалкоўніка Сяргея Краснадубскага:

“Мы падрыхтуем хадайніцтва, і з галоўным урачом я перагавару, каб такая магчымасць знайшлася, каб яго адправілі, таму што я ў курсе праблемы, ведаю гэту справу. Там хіба якія медыцынскія параметры ёсць, хаця калі гэты цэнтр для афганцаў, то павінна быць без выключэнняў”.

Афганец спадзяецца, што дзякуючы прыцягненню ўвагі сродкаў масавай інфармацыі, яго праблема ўсё ж такі вырашыцца.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі