Веды беларускіх школьнікаў упершыню правераць міжнародныя эксперты

Міжнародная праграма па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў PISA — тэст для 15 гадовых школьнікаў, які паказвае граматнасць і ўменне прымяняць свае веды на практыцы. Ён праходзіць раз на 3 гады. Да гэтай праграмы плануе далучыцца і Беларусь у 2018 годзе, што будзе каштаваць 40 тысяч долараў. Чакаецца, што грошы пойдуць ад Сусветнага банка, які выдзеліў фінансаванне на рэформу беларускай адукацыі. Пра гэта паведамляе намесніца міністра адукацыі Раіса Сідарэнка, перадае БелаПан.

Навошта Беларусі такі маніторынг і што мы ад гэтага выйграем.

Плюсы:

— Будзе магчымасць аб’ектыўна ацаніць якасць сярэдняй адукацыі ў Беларусі і параўнаць з ведамі школьнікаў іншых краін. Сёння ў гэтай праграме ўдзельнічаюць 65 краін, у тым ліку, і нашы суседзі — Польшча, Расія і Літва і Латвія.

— Гэта падстава для працы над эканамічнай эфектыўнасцю, бо за вынікамі маніторынгу PISA сочыць Арганізацыя эканамічнага развіцця і супрацоўніцтва.

— Вынікі тэста — падстава для прыняцця палітычных рашэнняў, для фарміравання і карэкціроўкі адукацыйнай палітыкі.

— Гэта праца над павышэннем якасці чалавечага капіталу і праца над эканамічнай эфектыўнасцю не толькі адукацыі, але і эканомікі краіны ў цэлым.

— Беларусь упершыню будзе мець магчымасць міжнароднай ацэнкі, бо пакуль якасць нашай адукацыі аналізуе толькі айчынны Інстытут кантролю ведаў, падчас цэнтралізаванага тэставання, у адрозненні ад іншых еўрапейскіх краін.

Мінусы:

— Першыя вынікі для краіны, якая ўвайшла ў PISA, могуць быць сумнымі і прынесці расчараванне. У многіх краінах гэта вядзе да ўдасканальвання сістэмы адукацыі, але ў некаторых выпадках можа выклікаць адчай.

— Працэс далучэння патрабуе падрыхтоўкі, стварэння інфраструктуры.

Каго закране уступленне ў PISA.

Найперш гэта будзе тычыцца чыноўнікаў, якім давядзецца ствараць інфраструктуру і, фактычна, паказваць вынік сваёй працы для міжнароднай супольнасці ўпершыню. Дадатковая праца можа легчы на настаўнікаў. Вучняў, зразумела, будуць рыхтаваць да тэстаў, каб вынік быў лепшым. У перспектыве першыя вынікі могуць выклікаць змены ў сістэме адукацыі, а ў далёкай перспектыве — і ў эканоміцы краіны.

Удельнік Грамадскага Балонскага камітэта Уладзімір Дунаеў тлумачыць сутнасць PISA:

“PISA на сёння самы лепшы інструмент ацэнкі акадэмічных дасягненняў краіны. Ён дазваляе ацэньваць не толькі веды, але і іх прымяненне на практыцы. Напрыклад, па ведах Расія дэманструе нядрэнныя вынікі, але прайграе па іх выкарыстанні. Лідары — Сінгапур, Паўднёвая Карэя, Фінляндыя. Гэты інструмент дэманструе прамую сувязь паміж якасцю адукацыі і эканамічнымі дасягненнямі. Кожныя 50 балаў па шкале PISA — фактычна, прырост 1% ВУП”.

Для даведкі:

Міжнародная праграма па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў (PISA) — тэст, што ацэньвае граматнасць і ўменне прымяняць веды на практыцы 15-гадовых школьнікаў у розных краінах свету. Праходзіць раз у тры гады. Быў распрацаваны ў 1997 годзе, упершыню прайшоў у 2000-м. Даследаванне PISA з'яўляецца маніторынгавым, яно дазваляе выявіць і параўнаць змены, якія адбываюцца ў сістэме адукацыі ў розных краінах і ацаніць эфектыўнасць стратэгічных рашэнняў у галіне адукацыі. На сёння ў праграме ўдзельнічаюць 65 краін, у тым ліку, Расія, якая па выніках 2012 года была ў сярэдзіне спіса. Самыя лепшыя вынікі паказалі Шанхай, Сінгапур, Ганконг, Тайвань, Рэспубліка Карэя, Макао, Японія.

Фота: galleryhip.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі