Васюковіч: Яшчэ раз ехаць у Расію будзе страшна, але не адмоўлюся

Васюковіч: Яшчэ раз ехаць у Расію будзе страшна, але не адмоўлюся

Беларускі фатограф Аляксандр Васюковіч заняў першае месца ў намінацыі “Канфлікт” на міжнародным фотаконкурсе “Прамы погляд 2016”. На фотаздымках праекта можна пабачыць адзіночныя і групавыя партрэты ўкраінскіх жаўнераў, зробленыя Васюковічам падчас паездкі на фронт летам 2014 года. Падчас творчай сустрэчы з беларусам у залу Цэнтра FOTODOC прыйшоў мастак Антон Белікаў і пачаў замалёўваць здымкі Васюковіча фарбай з балончыка. “Вы — сціплы фашыст! Я пагарджаю вамі… Што вы робіце? Гэта ж забойцы! Яны забівалі жанчын і дзяцей. А вы прыязджаеце ў Маскву і вешаеце іх фота тут! Вы — усмешлівы гадзёныш. Як вам не сорамна?” — гаварыў Белікаў Васюковічу.

 

Пасля вяртання з Масквы Аляксандр Васюковіч стаў госцем жывога эфіру на Еўрарадыё.

"Ідэя гэтага праекта мне ў галаву прыйшла праз паўтара года пасля таго, як я ездзіў працаваць на ўсход Украіны. Летам 2014-га, тады акурат пачаліся актыўныя дзеянні. Я працаваў, часам жаўнеры добраахвотнага батальёна "Данбас" прасілі зрабіць ім фота на памяць. Даслаць потым сябрам, жонкам, дзецям. Такіх здымкаў назбіралася з часам вельмі шмат. А пасля Ілавайскага катла шмат хто з гэтых людзей загінуў".

 

"Гэтыя мае фота пачалі гуляць па сацсетках. Людзі хацелі такім чынам папулярызаваць вайну. Маўляў, стаяць са зброяй — гэта крута. Ваяваць — гэта крута. Мне не спадабалася гэта. Для мяне любая вайна — чалавечыя ахвяры. Я вырашыў узяць свае здымкі, паехаць з імі ў Кіеў і распытаць, што стала з героямі фота. Хто жывы, хто загінуў".

 

"Спачатку я паказаў свой праект у сацсетках. Хацеў, каб больш людзей яго ўбачыла. І гэта атрымалася. Было шмат рэпостаў, каментароў. Усе буйныя ўкраінскія СМІ яго апублікавалі".

 

"Рэакцыя была неадназначнай. Фота не спадабаліся тым, хто ваюе на баку сепаратыстаў. Людзі з Украіны, з Беларусі падзяліліся на дзве часткі. Адны гаварылі, што такія фота падрываюць баявы дух арміі. Іншым не падабалася форма — гаварылі, што нельга закрэсліваць людзей на фота крыжамі... Але я свядома так зрабіў. Я доўга думаў і выбраў такі радыкальны варыянт. Каб людзі не мелі ілюзій. Людзям на вайне крылы не прырастаюць. Забіваюць усіх з абодвух бакоў".

 

"Не трэба гераізаваць вайну. Смерць не апраўдаеш ніякімі геройствамі. Асабліва для родных і блізкіх тых, хто загінуў на вайне".

 

"Мы не заміналі чалавеку, які замалёўваў фотаздымкі фарбай. Не апускаліся да яго ўзроўню. Усе былі гатовыя да таго, што нешта такое можа адбыцца. Пасля прапанавалі яму застацца на дыялог. Размова не трапіла ў сюжэт Рэн-ТВ".

 

"Цяпер у Расіі адкрылася нейкая скрынка, адкуль павылазіла куча размаляваных людзей... Узнікла пачуццё ўсёдазволенасці. Любы казак, ветэран можа прыйсці ў грамадскае месца і ўсё знішчыць. І яму нічога за гэта не будзе".

 

"Думаю, што выставу гэтага праекта ва Украіне таксама маглі б знішчыць. Знайшліся б людзі, якія могуць гэта зрабіць. У Беларусі такое наўрад ці магчыма. Калі б нехта захацеў, рабіў заклікі, то на выставе была б куча міліцыі ў цывільным, каб гэтага не дапусціць".

 

"У Расіі цяпер цэнзура меншасці. На творчай сустрэчы было шмат людзей. І толькі адзін вырашыў замаляваць фота. І потым не шматтысячны мітынг прыйшоў, а дзесяць чалавек. І вось гэтыя людзі з маўклівай згоды ўладаў і большасці робяць што хочуць".

 

"Не за гарамі час, калі ў Расіі пачнуць паліць кнігі і збіваць тых, хто не падабаецца".

 

"Ці паеду ў Расію з выставай, калі яшчэ раз запросяць? Думаю, будзе страшна. Але я наўрад ці адмоўлюся".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі