Ваенкамат: “Ваеннаслужачыя ад усіх палітычных поглядаў у нас вызваленыя!”

Ваенкамат: “Ваеннаслужачыя ад усіх палітычных поглядаў у нас вызваленыя!”

Адмовай адказалі ў ваенным камісарыяце Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў на афіцыйны зварот Віталя Каратыша з просьбай аб адтэрміноўцы яго ад прызыву на ваенныя зборы. Па словах Каратыша, 17 траўня ў ваенкамаце яму абвясцілі, што наяўнасць у яго немаўляці не з’яўляецца падставай для пераносу прызыву на іншы тэрмін.

Ваенкамат: “Ваеннаслужачыя ад усіх палітычных поглядаў у нас вызваленыя!”
Віталь Каратыш. Фота: Facebook

Віталь Каратыш, удзельнік выбарчых кампаній у Палату прадстаўнікоў 2008 і 2012 гадоў упэўнены, што такім чынам яго хочуць гарантавана вывесці з удзелу ў выбарчай кампаніі: зборы прыпадаюць на чэрвень месяц, калі будзе праходзіць этап рэгістрацыі ініцыятыўных груп.

Каратыш: “Мне сказалі, што я абавязкова буду мабілізаваны і мяне забяруць. Нават заедуць за мной, каб з сельсавета спецтранспартам даставіць у частку. Але цікава тое, што я сустрэўся перад ваенкаматам з Леанідам Дубаносавым, які займаўся незалежнымі прафсаюзамі ў Мікашэвічах, і апынулася, што яму таксама прыйшла позва”.

Па словах Каратыша, напярэдадні атрымання позвы з ваенкамата ў яго праз “трэціх асоб” цікавіліся з райвыканкама планамі на выбарчую кампанію. Актывіст перадаў, што браць удзел у выбарах не будзе. “Але яны вырашылі падстрахавацца і забраць мяне на час фармавання і рэгістрацыі ініцыятыўных груп на зборы”, — упэўнены Каратыш.

Намеснік ваеннага камісара ваенкамата Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў Аляксей Маёраў любыя палітычныя матывы ў выпадку з Віталём Каратышом адмаўляе. У каментары Еўрарадыё кажа, што ў адтэрміноўцы яму адмовілі законна — ён не мае на яе права.

Аляксей Маёраў: “Па законе адтэрміноўка не паложаная. І ведаеце: ваеннаслужачыя ад усіх палітычных поглядаў у нас вызваленыя, груба кажучы. Таму палітыкай як такой я не цікаўлюся: БНФ не БНФ — я выконваю закон “Аб ваеннай службе”. Я нічога не парушыў. Мы яго прызываем. А якія там тэрміны выбарчыя. Ну, у сэнсе час правядзення выбараў, я на нават не ведаю, калі шчыра, на сёння!”.

Па словах падпалкоўніка Маёрава, ніхто ім з райвыканкама не тэлефанаваў і не даваў загаду забраць мясцовых актывістаў на ваенныя зборы, далей ад выбарчай кампаніі. Прынамсі, кажа намеснік ваенкама, ён пра такія званкі не ведае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі