"Вакол Марцава заўсёды лунаў авантурны дух"

Два з паловай тыдні таму ў выдаўца “Белорусской деловой газеты”, старшыні Рады Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пятра Марцава знайшлі востры лейкоз. Гэта анкалагічная хвароба, і яму адразу пачалі рабіць хіміятэрапію, што падарвала імунітэт, з'явіліся ўскладненні, сепсіс. Увечары, 13 верасня, ён памёр, не прыходзячы ў прытомнасць, расказаў “Нашай НівеАляксей Пікулік, акадэмічны дырэктар BISS.

Інтэрв’ю з Марцавым:

Пётр Марцаў: Перабудаваць краіну зможа толькі ўлада

Марцаў: У адносінах з Еўрасаюзам мы ўжо прайшлі “кропку невяртання”

Пётр Марцаў нарадзіўся 14 красавіка 1962 года ў Мінску. Вучыўся ў сталічнай школе №4. У 1984 годзе скончыў філалагічны факультэт БДУ. Пасля ўніверсітэта два гады працаваў у школе настаўнікам рускай мовы і літаратуры, а пасля карэспандэнтам, старшым рэдактарам у Беларускім тэлеграфным агенцтве (БелТА). Вымушаны быў звольніцца пасля свайго ўдзелу ў мітынгах ля Усходніх могілак і ў Курапатах. Быў уласным карэспандэнтам штотыднёвіка "Коммерсант" па Беларусі, дырэктарам карпункта "Коммерсант" і агенцтва "Постфактум" (1991 — 1993).

У 1992 пачаў займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю: выдаваў газету "Биржы и банки: Белорусская деловая газета" (з 1999 — "Белорусская деловая газета"), штотыднёвік “Имя” (1995 — 1999).

Марцаў: БДГ з'явілася ў патрэбны час і ў патрэбным месцы

У сакавіку 2006 года выхад "Белорусской деловой газеты" прыпынены ў сувязі з забаронай на яе друк у беларускіх друкарнях і распаўсюджванне праз РУП "Белпошта" і "Белсаюздрук".

У апошнія гады яго дзейнасць была звязана з рэкламай, будаўнічым і нафтавым бізнесам.

Пра Пятра Марцава ў артыкуле "Чалавек з планеты БДГ" піша яго сябра і калега, галоўны рэдактар газеты “Салідарнасць” Аляксандр Старыкевіч:

Часам адчуваеш сябе прысутным на шматлюднай плошчы, дзе толькі што прагучаў стрэл. І, азірнуўшыся, з жахам усведамляеш, што Смерць зноў са снайперскай дакладнасцю выбрала аднаго з лепшых.

У суботу мішэнню старой з вінтоўкай стаў блізкі мне чалавек. Яму было ўсяго 52 гады.

Калі чытаеш сухія радкі біяграфічнай даведкі, разумееш, наколькі мала яны здольныя распавесці пра сапраўдную асобу. "Выдавец "Беларускай дзелавой газеты"..." А гэта ж была цэлая планета. Планета БДГ, на якой жыццё кіпела як на вулкане. Якая стала і назаўжды застанецца сімвалам незалежнай прэсы ў нашай краіне.

Мне пашанцавала пазнаёміцца з яе будучым стваральнікам яшчэ ў 1991 годзе. Кватэра на вуліцы Леніна, у якой тады размяшчаўся мінскі карпункт "Коммерсанта". Потым планета пераедзе на плошчу Свабоды, затым на вуліцу Чкалава. Але нязменнай застанецца ўсмешка Пятра Паўлавіча, якую немагчыма забыць.

Марцаў быў вядомым журналістам і бізнесменам, але сярод усіх талентаў асабліва шчодра надзелены дарам абаяння. У спалучэнні з вострым іранічным розумам усё гэта давала грымучую сумесь, здольную зачараваць суразмоўцу. Я, да прыкладу, не выношу тытунёвага дыму. Але з кабінета Пятра шмат разоў выходзіў пракураным дашчэнту, і гэта нават крышачку падабалася.

Планета БДГ заўсёды вабіла як магніт. Я не так ужо доўга ў цэлым пісаў для "Беларускай дзелавой газеты" і штотыднёвіка "Імя" — яшчэ аднаго знакавага праекта дзевяностых. Затое часта проста матляўся ў рэдакцыі, якая дзякуючы магіі Пятра стала не чарговым пасрэдным працоўным калектывам, а чароўным аазісам, у якім заўсёды можна было цікава правесці час. Менавіта там я пазнаёміўся з многімі людзьмі, якія зрабілі маё жыццё шмат ярчэй. Хтосьці з іх да гэтага часу застаецца блізкім чалавекам, з кімсьці я і тады, і цяпер на нажах. Але ніводзін эпізод з таго жыцця выкрасліць не хочацца.

Наш Пётр не быў святым. Напэўна, усё ж такі на шчасце, бо ў адваротным выпадку ўсё атрымалася б куды больш правільна і нудна. Вакол Марцава заўсёды лунаў авантурны дух, які захапляе да такой ступені, што ты быў гатовы знайсці прыгоды на сваю пятую кропку дзеля задавальнення паўдзельнічаць у нечым сумесным.

Натуральна, у нашых пенатах такое свята жыцця не магло доўжыцца вечна. І "каралеўскі флот" у 2003 годзе пачаў расстрэльваць БДГ прамой наводкай. Але Марцаў быў байцом да мозгу касцей. Неверагодным чынам яго карабель пратрымаўся на плыву яшчэ тры гады. Ды і потым не выкінуў белы сцяг, не здаўся ворагу.

Страціўшы адбудаваны газетны бізнес, Пётр яшчэ раз прадэманстраваў, наколькі ён круты ў добрым сэнсе слова. Дзякуючы сваім мазгам Марцаў здолеў зарабіць аўтарытэт і грошы ў зусім іншых галінах. Мог дамагчыся значна большага, але не захацеў з'язджаць з Беларусі...

Мы доўга не бачыліся і раптам выпадкова сустрэліся ў Варшаве. Гэта быў самы пачатак мінулага лета, і ніхто тады не ведаў, што яно стане апошнім для Пеці. За некалькі месяцаў да гэтага ён перанёс складаную аперацыю, але паступова аднаўляўся. Вечар у вулічнай кавярні выйшаў проста цудоўным, хоць я ўпершыню прыкмеціў самоту, якія пасяліліся ў вачах свайго настаўніка не толькі ў журналістыцы, але і па жыцці (шкада, не ўсе ўрокі мной былі засвоены).

Потым была яшчэ адна кавярня, на гэты раз ужо ў цэнтры Мінска. 27 жніўня мы ў кампаніі агульных сяброў абмяркоўвалі асабістыя справы і праблемы светабудовы. Паспрачаліся пра тое, куды апошнія чатырыста гадоў рухалася Расія, але без фанатызму. І рассталіся, дамовіўшыся ў бліжэйшую суботу разам паглядзець футбол.

А ў пятніцу Пеця трапіў у бальніцу. "Ведаеш, калі б не аналізы, якія не спадабаліся лекарам, я б не адважыўся назваць сябе хворым, — сказаў Марцаў па тэлефоне. — "Адчуваю сябе вельмі добра..."

Мы стэлефанаваліся яшчэ некалькі разоў, і Пеця ўсяляк адмаўляўся ад таго, каб быць наведаным у бальніцы. А я не настаяў. Дурань...

А потым як нож у спіну з цёмнай падваротні — начная вестка пра тое, што Марцаў памёр. Дакладней, сышоў. І немагчыма дараваць сабе страчаную магчымасць развітацца.

Поспехі табе, дружа, у лепшым са светаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі