Ва ўрадзе анансавалі выпрабаванні "беларускай батарэі для электратранспарту"

Пётр Пархомчык з трывогай чакае тэрмінаў, вызначаных Аляксандрам Лукашэнкам

Пётр Пархомчык з трывогай чакае тэрмінаў, вызначаных Аляксандрам Лукашэнкам / sb.by

Ва ўрадзе анансавалі выпрабаванні "беларускай батарэі для электратранспарту". Яны павінны пачацца да канца года. Пра гэта ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пархомчык. Ён спаслаўся на "жорсткае даручэнне" Аляксандра Лукашэнкі. У жніўні ён чакае ад Нацыянальнай акадэміі навук справаздачу пра працу над згаданай батарэяй.

"Пакуль варыянт батарэі для грузавога транспарту МАЗа і "Белкамунмаша", але гэта ў любым выпадку крок наперад, — кажа Пархомчык. — Калі ўсё будзе паспяхова, калі пацвердзім тыя тэхнічныя характарыстыкі, якія заклалі нашы акадэмікі, то будзем казаць, што комплексна вырашылі пастаўленыя задачы".

Пра тое, што будзе, калі нічога не атрымаецца, ён змаўчаў. У студзені Лукашэнка загадаў з пачатку 2025-га пачаць серыйную вытворчасць электрамабіляў. Пётр Пархомчык тады з сумам казаў, што ўрад атрымаў мала часу. Цяпер жа з аптымізмам гаворыць, што задачу выканаюць у прызначаны тэрмін. У канцы лета — у пачатку восені плануецца вырабіць "доследна-прамысловую партыю беларускіх электрамабіляў у колькасці пяці штук". І пачнуцца іх выпрабаванні.

"Электробусы МАЗа і "Белкамунмаша" максімальна лакалізаваныя, — расказвае намеснік прэм'ера пра "дасягненні". — Усе асноўныя кампаненты вырабляюцца ў Беларусі, за выключэннем батарэі. І то мы завозім так званыя ячэйкі, потым збіраем саму батарэю. І ў МАЗа, і ў "Белкамунмаша" распрацаваны ўласны прадукт кіравання дадзенай батарэяй, сістэма астуджэння".

Урад і Нацыянальная акадэмія навук ўжо шмат гадоў абяцаюць Аляксандру Лукашэнку айчынны электрамабіль (і нават у 2022-м паказвалі дзіўны, недароблены яго варыянт). Восенню 2023-га ён западозрыў, што з гэтым праектам яго падманваюць. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі