Uzari & Maimuna прадставяць Беларусь на Еўрабачанні-2015 (відэа)

Uzari & Maimuna прадставяць Беларусь на Еўрабачанні-2015, якое пройдзе 23 траўня ў Аўстрыі. Па выніках галасавання дуэт на 10 балаў апярэдзіў Анастасію Малашкевіч, якая заняла другое месца. На трэцім радку — ветэран нацыянальных адбораў на еўрапейскі конкурс спявачка Gunesh, якая ўдзельнічала ўжо ў 6-ы раз. А вось адны з фаварытаў фіналу, гёрлз-бэнд "Мілкі", сабраны пераможцам Еўрабачання-2009 Аляксандрам Рыбаком, — заняў толькі чацвёртае месца.

Аляксандр Рыбак: Я спадзяюся, што ніколі больш не ўбачу гэта журы

Усяго ў нацыянальным фінале прымалі ўдзел 15 выканаўцаў: Napoli, Lis, Дарыя, Gunesh, Яна Буцкевіч і гурт Muzzart, Валерыя Садоўская, Rostany, Жанет, Аляксей Грос, група Miлki, Uzari & Maimuna, гурт "Беатрыс", Віталь Варанко, Анастасія Малашкевіч і Tasha ODI.

Сёлета прадстаўніка Беларусі выбіралі па новай схеме: 7 галасоў ад журы і 1 ад гледачоў, якія галасавалі з дапамогай смс-паведамленняў і тэлефанаванняў. Спачатку арганізатары агучылі вынікі народнага галасавання, згодна з якім выканаўцам расставілі балы ад 1 да 12 (за выключэннем 2 і 11). У выніку на першае месца выйшаў брэсцкі гурт Muzzart, на другое — Miлki, трэцяе — Uzari & Maimuna.

1. Muzzart

2. Miлki

3. Uzari & Maimuna

4. Napoli

5. Беатрыс

6. Аляксей Грос

7. Анастасія Малашкевіч

8. Gunesh

9. Lis

10. Tasha ODI

11. Валерыя Садоўская

12. Жанет

13. Дарыя

14. Rostany

15. Віталь Варанко

Далей 7 сябраў журы, імёны якіх былі агучаныя толькі перад пачаткам фіналу, выстаўлялі выканаўцам свае 10 ацэнак (1,3,5,6,7,8,9,10 і 12 балаў).

У выніку Uzari & Maimuna, набраўшы 76 балаў, занялі першае месца. Трое сябраў журы паставілі будучым пераможцам найвышэйшую адзнаку, адзін ацаніў выступ дуэта на 10, двое — на 8, яшчэ адзін — на 6 балаў.

Выніковае галасаванне выглядае наступным чынам:

1. Uzari & Maimuna — 76

2. Анастасія Малашкевіч — 66

3. Gunesh — 62

4. Miлki — 47

5. Аляксей Грос — 45

6. Napoli — 36

7. Muzzart — 30

8. Валерыя Садоўская — 28

9. Lis — 19

10. Беатрыс — 16

11. Дарыя — 14

12. Tasha ODI — 10

13. Rostany — 9

14. Жанет — 5

15. Віталь Варанко — 1

Узначаліў журы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Акрамя яго ў выбары прадстаўніка краіны на Еўрабачанні прынялі ўдзел народны артыст Беларусі, кампазітар Эдуард Зарыцкі, начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Мар'яна Драбовіч, міжнародны музычны крытык Андрэй Міхееў, журналіст і піяр-менеджар беларускіх прадстаўнікоў на Еўрабачанні ў 2013-м і 2014-м гадах Сяргей Андрыянаў, дырэктар дырэкцыі радыёстанцыі "Радыус ФМ" Алена Трашчынская, тэлевядучы і шоў-мен Дзмітрый Новік.

Уручаючы прыз пераможцу, старшыня журы Генадзь Давыдзька адзначыў, што ўсё было "сумленна".

"Цяжка было выбраць лепшых. Але ўсё было сумленна. Мы нават не размаўлялі. Кожны спрабаваў галасаваць так, як ён лічыць патрэбным. Увесь час хацелася камусьці падцягнуць балы, але конкурс — жорсткая штука. І калі чалавек выходзіць на рынг, нават гульнявы рынг, ён разумее, што можа прайграць. Гэта вельмі віртуальны пройгрыш, таму што тыя, хто сёння тут выступаў, — гэта нашы героі".

Сапраўднае імя Юзары — Юрый Наўроцкі. Яму 23 гады. Нарадзіўся ў Мінску ў 1991 годзе. Юзары вядомы як артыст, спявак, кампазітар і аранжыроўшчык. У 2011 годзе стаў лаўрэатам міжнароднага песеннага конкурсу "Новая хваля", які праходзіць у латвійскай Юрмале. Удзельнічаў у фіналах нацыянальнага адбору на Еўрабачанне у 2012-м і 2013-м гадах.

Скрыпачцы Маймуне 34 гады. Яна нарадзілася ў Санкт-Пецярбургу. Яе маці — ураджэнка Беларусі, бацька з Малі. У раннім узросце Маймуна пераехала на радзіму бацькі. Але ў 4 гады з-за непераноснасці афрыканскага клімату дзяўчынку адправілі да бабулі ў Магілёўскую вобласць. У 1999 годзе стала стыпендыятам спецыяльнага фонду прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, а ў 2003-м — канцэртмайстрам прэзідэнцкага аркестра.

Фінал Еўрабачання-2015 пройдзе 23 траўня ў Вене. Паўфіналы адбудуцца 19 і 21 траўня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі