Усіх затрыманых па "справе патрыётаў" адпусцяць да канца дня
Апошніх затрыманых па "справе патрыётаў" выпусцяць у пятніцу да канца дня. Пра гэта паведаміла прэс-служба Следчага камітэта.
За кратамі па гэтай справе на цяперашні момант застаюцца два чалавекі — Міраслаў Лазоўскі і Віктар Мароз.
"Справа знаходзіцца на маім асабістым кантролі. У цяперашні момант мы мяркуем, што падставаў для знаходжання пад вартай фігурантаў па справе не маецца, і таму прынялі такое рашэнне. Што датычыць перспектываў, то пра іх казаць рана — усё пакажа следства", — заявіў старшыня СК Іван Наскевіч.
У сакавіку КДБ пачаў крымінальную справу па падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Спецслужбы затрымалі па ёй больш за 30 чалавек. Частка затрыманых раней мела дачыненне да арганізацыі "Белы легіён", распушчанай на пачатку 2000-х. У красавіку КДБ выставіў частцы з іх абвінавачанне ў стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання.
Потым затрыманых сталі выпускаць па адным і невялікім групамі. Абвінавачанне ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў было знятае. Некалькі тыдняў справу перадалі ў Следчы камітэт: пад падазрэннем у стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання засталося паўтара дзясятка чалавек. На гэтым тыдні 12 з іх ужо выйшлі з СІЗА №1.