Усе “вострыя моманты” рамана Караткевіча застануцца і ў фільме

У фільме паводле кнігі Ўладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” захаваецца галоўная ідэя рамана — пошук страчанай самасвядомасці беларусаў. Пра гэта Еўрарадыё распавёў сцэнарыст карціны Аляксандр Качан, вядомы па стужках “Акупацыя. Містэрыі” і “Масакра”. Цяпер ён жыве ў Кіеве, але на адзін дзень спецыяльна прыехаў у Мінск на сустрэчу з міністрам культуры Паўлам Латушкам.

Аляксандр Качан:
“Дзесяць хвілінаў таму завяршылася размова з міністрам культуры Паўлам Латушкам. Пазнаёміліся і паразмаўлялі менавіта пра гэта. Ён падтрымаў ідэю, што ўся ідэалогія, якая закладзеная ў рамане, мусіць застацца і ў фільме. Ніякага змякчэння і празмернай сучаснай паліткарэктнасці там не будзе”.

Ключавым момантам у фільме, паводле сцэнарыста, будзе і супрацьстаянне з Расійскай імперыяй. Аляксандр Качан спадзяецца, што цэнзура не стане ўмешвацца ў яго працу. Але кажа, што пэўны супраціў чакаць варта.

Героі фільма, згодна са словамі сцэнарыста, пераважна будуць размаўляць па-беларуску. Але як і ў кнізе, там будуць дыялогі па-польску, па-французску і па-руску. Сцэнар не пішацца пад пэўных акцёраў. Бо хто будзе здымацца ў фільме, яшчэ не вырашалася. У той жа час Аляксандр Качан адзначае, што праз месяц будзе сустракацца з рэжысёрам Мікалаем Пінігіным, і калі ў таго будуць нейкія пажаданні, сцэнар падправяць.

Аляксандр Качан:
“Там ужо частка сцэнара будзе гатовая. І калі ён прапануе, што вось такія акцёры абавязкова будуць на такія ролі, то можна будзе скарэктаваць троху. Улічваючы іх моцныя бакі, альбо слабыя бакі замаскіраваць”.

Аляксандр Качан без страху ўзяўся за напісанне сцэнара па рамане Караткевіча. Кажа, ён чалавек самаўпэўнены. У той жа час прызнаўся, што пакуль не ведае, як закончыцца фільм паводле незавершанага рамана.

Аляксандр Качан:
“У мяне абсалютна дакладнага ўяўлення пра фінал гэтага рамана няма. Я ўпэўнены, што ён складзецца падчас працы — што зрабіць у фінале. Бо раман сапраўды абарваны на самым цікавым месцы”.

Дарэчы, бюджэт фільма будзе залежаць ад сцэнара. Колькі стужка можа каштаваць, Аляксандр Качан казаць не бярэцца. Згодна з яго словамі, нават з міністрам пакуль гэтае пытанне не абмяркоўвалі. Але выказаў спадзяванне, што грошай не пашкадуюць.

Між тым, гаворачы пра свой ганарар, пажартаваў, што ён мог бы быць і большым. Праўда, колькі яму абяцалі заплаціць, не прызнаўся. Маўляў, захоўваць фінансавую таямніцу — умова падпісанай з “Беларусьфільмам” дамовы.

У якасці рэжысёра фільма Мінкульт прапанаваў Мікалая Пінігіна. Але сам майстар, якога Еўрарадыё знайшло ў Санкт-Пецярбургу, гаворыць, што яшчэ не вызначыўся, ці брацца яму за кінарэжысуру.

Мікалай Пінігін:
“Гэта яшчэ канчаткова не вырашана. Па-першае, яшчэ не гатовы сцэнар. Я павінен яго прачытаць. Па-другое, я яшчэ не ведаю, ці змагу я ўвогуле гэта рабіць. Бо тэатр адымае вельмі шмат часу. А гэта, напрыклад, на год ці нават больш давядзецца пайсці з тэатра. Я не ведаю, як гэта зрабіць. Вырашаць я гэта буду пазней, дзесьці ў красавіку”.

Пінігін прызнаўся, што перад пачаткам працы над новым спектаклем адчувае страх. Адчуваецца гэта і калі рэжысёр пачынае думаць пра магчымую працу ў кіно. Але ён спадзяецца, што адукацыя тэлевізійнага рэжысёра і досвед былой працы над кароткаметражнымі мастацкімі фільмамі дапамогуць справіцца з экранізацыяй рамана Караткевіча. Калі справа да гэтага ўсё ж такі дойдзе.

У той жа час Мікалай Пінігін кажа, што адмовіцца ад прапановы Мінкульта яму будзе досыць складана.

Мікалай Пінігін: “Міністэрству культуры падпарадкоўваецца кінастудыя, а таксама тэатр. Я ў дадзеным выпадку чалавек, які не сам гэты выбар робіць. У мяне складаная сітуацыя”.

Дадае рэжысёру сумненняў і разуменне таго, наколькі складана будзе якасна зняць гэты фільм.

Мікалай Пінігін: “Вялікі раман экранізаваць вельмі цяжка. Тым больш, што ён няскончаны, і Караткевіч мусіў да XX стагоддзя давесці род Загорскіх і гэтыя падзеі. Ён не мае завяршэння, гэты раман. І гэта складаная рэч”.

Будуць, кажа, праблемы і з тым, каб знайсці маёнткі, якія неслі дух тых часоў, калі адбываюцца падзеі. А яшчэ хацелася б, каб у фільме былі задзейнічаныя толькі беларускія акцёры.

Мікалай Пінігін: “Гэта пажадана, але я баюся, што гэта немагчыма будзе. Гэта рамантычная літаратура, а Караткевіч — беларускі неарамантык. І павінны быць адмысловыя героі — ўзнёслыя, прыгожыя. Гэта такое рамантычнае ўяўленне пра беларускую шляхту XIX стагоддзя”.

Ёсць і яшчэ адзін момант, на які рэжысёр звярнуў увагу.

Мікалай Пінігін: “Гэты фільм пра памяць народа, якая страчана. Пра тое, што гісторыя пачалася не з 1917 года і не з 1945. Што ў народа магутная гісторыя і гэты шляхетны побыт. Гэта фільм пра тое, як была страчана свядомасць беларуса і самасвядомасць знікла”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі