Ураджэнка Ганы ў Мінску знікла пасля сваркі з хлопцам

Ураджэнка Ганы ў Мінску знікла пасля сваркі з хлопцам

Ураджэнку Ганы Джэйн Томпсан шукаюць у Мінску. Як распавядала Еўрарадыё, 25-гадовая дзяўчына ўвечары 8 траўня сышла з кватэры з рэчамі і знікла без вестак.

У каментары агенцтву "Мінск-Навіны" афіцыйная прадстаўніца Ленінскага РУУС сталіцы Таццяна Кавалёва ўдакладніла, што ўсё адбылося пасля сваркі дзяўчыны з хлопцам.

Джэйн Томпсан прыехала ў Мінск па запрашэнні мясцовага жыхара, студэнта адной з ВНУ. Маладыя людзі пазнаёміліся ў інтэрнэце і некалькі гадоў перапісваліся. На пачатку траўня хлопец аплаціў Джэйн падарожжа ў Беларусь, яна спынілася ў яго дома. 8 мая маладыя людзі пасварыліся, пасля чаго дзяўчына з рэчамі пайшла з дому. 

Джэйн Томпсан упершыню трапіла ў Беларусь, яна размаўляе толькі па-англійску. Дзяўчына не мела пры сабе наяўных грошай, калі пакідала мінскую кватэру. 

Міліцыя асцерагаецца, што афрыканка ў складанай сітуацыі магла прыцягнуць увагу нячыстых на руку грамадзян ці тых, хто захацеў бы скарыстацца яе становішчам. Мінчукоў просяць дапамагчы ў пошуках іншаземкі і паведаміць інфармацыю пра яе па тэлефонах 367-62-02, (8-029) 558-35-55, (8-044) 55-83-535 або 102.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі