Уладзімір Мацкевіч: Супрацоўніцтва з Венесуэлай — піяр-акцыя Беларусі

120626 MackevichS.mp3

Еўрарадыё: Наколькі прадуктыўнымі былі апошнія гады супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Венесуэлай?

 

Уладзімір Мацкевіч: Сёння можна сказаць, што вынікі гэтага супрацоўніцтва, хутчэй, піараўскія. Яны выкарыстоўваюцца ў якасці ціску на сваіх хаўруснікаў на ўсходзе, на Расію і краіны мытнай прасторы. Але гэтыя вынікі не маюць вялікага значэння ў знешнім гандлі, у знешніх стасунках Беларусі. 

 

Еўрарадыё: У інтэрв’ю венесуэльскаму тэлебачанню Лукашэнка падкрэсліў, што Венесуэла будзе плацдармам Беларусі ў Лацінскай Амерыцы, а Беларусь – плацдармам Венесуэлы ў Еўропе. Ён паабяцаў таксама, што Беларусь дапаможа багатай на карысныя выкапні Венесуэле стаць індустрыяльнай краінай. Наколькі гэта выгодна для Беларусі, ці пацягне яна такую задачу?

 

Уладзімір Мацкевіч: Калі Венесуэле прапануюць стаць індустрыяльнай краінай, значыць, яна такой на сённяшні момант не з’яўляецца. Ну, і сапраўды, большасць экватарыяльных краін Паўднёвай Амерыкі значна не дацягвае нават да сярэдняга ўзроўню эканамічнага, сацыяльна-палітычнага развіцця еўрапейскіх ці паўночна-амерыканскіх краін. Таму іх чакае яшчэ значная грунтоўная мадэрнізацыя, каб наблізіцца і да гэтых краін, і нават да некаторых краін Паўднёвай Амерыкі, кшталту Аргентыны, Чылі ці Бразіліі. У гэтым сэнсе, калі гэта вельмі адсталая краіна, якая яшчэ толькі будзе рабіцца індустрыяльнай, то адпаведна з гэтым мы можам ацэньваць вынікі эканамічных, палітычных, геапалітычных стасункаў з гэтай краінай. Гэта голы піар. Гэта ад няздольнасці знайсці хаўруснікаў і паплечнікаў сярод бліжэйшых краін, з якімі мы пасварыліся. Робіцца выгляд, што мы можам знайсці хаўруснікаў дзесьці вельмі-вельмі далёка, тых, хто на гэта пагаджаецца. Пагаджаюцца сёння вельмі адсталыя краіны кшталту Венесуэлы, Эквадора і, вядома, Кубы, якая за час кіравання рэвалюцыйным урадам Фідэля Кастра з адной з перадавых найбольш магутных краін Лацінскай Амерыкі, якой яна была ў 50-я гады, стала адной з самых бедных, хоць і са значным узроўнем сацыяльных гарантый для насельніцтва, якія падтрымліваюцца з апошніх сіл.

Еўрарадыё: Гэта сяброўства паміж прэзідэнтамі ці паміж краінамі?

 

Уладзімір Мацкевіч: Ёсць шмат ідэалагічных формулаў, якія самі па сабе з’яўляюцца хлуснёй. Напрыклад “дружба народаў”. Не бывае дружбы народаў, бывае сяброўства паміж асобнымі людзьмі, сем’ямі, сацыяльнымі групамі. А народы – супрацоўнічаюць, суседнічаюць. Тым больш, калі народы не дакранаюцца адзін да аднаго аніякім чынам. У нас няма агульнай мяжы, аніякіх стасункаў, ніколі не было масавай эміграцыі ў Венесуэлу, як у Канаду ці Аргентыну. У нас няма ніякіх гістарычных дачыненняў. Пра якое сяброўства можа ісці гаворка паміж краінамі, якія знаходзяцца на розных краях планеты?

Еўрарадыё: Што чакаць ад візіта Лукашэнкі ў Эквадор?

 

Уладзімір Мацкевіч: Здаецца, Эквадор не такая краіна, як Венесуэла, там няма ідэалагічнай устаноўкі на тое, каб адбудоўваць альтэрнатыўную амерыканскай палітыку. Гэта больш сціплая ў геапалітычным плане краіна. Таму думаю, што там не будзе такіх пампезных піараўскіх крокаў. А прасоўванне угнаенняў, пошук рынкаў для іх – гэта трагічная неабходнасць беларускай эканомікі. Бо неўступленне ў СГА, недарэчныя стасункі ў межах мытнага саюза, вельмі дрэнныя стасункі з Еўропай вымушаюць шукаць рынкі збыту для нашай вытворчасці і асабліва для нашых біржавых тавараў кшталту калійных угнаенняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі