Уладзімір Кондрусь у знак пратэсту лёг у клетцы ў судзе (відэа)

Уладзімір Кондрусь у знак пратэсту лёг у клетцы ў судзе (відэа)

Уладзімір Кондрусь лёг у клетцы ў судзе. Сёння ў Мінску ў судзе Маскоўскага раёна пачаўся працэс над палітвязнем па справе Плошчы-2010. Кондрусь паклаў на падлогу куртку і лёг на яе. Суддзя вырашыла аб'явіць перапынак.

Замест 10 хвілін перапынак працягнуўся 30. Суддзя пацікавілася ў Кондруся, што азначае яго ляжанне на падлозе? Ён нічога не адказаў. Суддзя спытала ў адваката, ці ёсць у абвінавачанага праблемы са здароўем? Той адказаў, што такіх праблем няма. Таксама ён паведаміў, што Уладзімір Кондрусь сваімі паводзінамі выказвае пратэст з-за таго, што на яго завялі крымінальную справу па справе Плошчы 2010 года. Суддзя ўсё ж вырашыла выклікаць хуткую дапамогу, каб лекары абследавалі Кондруся. Зноў аб'яўлены перапынак.

39-гадовы Кондрусь, жыхар пасёлка Рудзенск Пухавіцкага раёна — апошні, каго затрымалі па справе Плошчы. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў "масавых беспарадках", яму пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўлення волі. Уладзімір Кондрусь, якога праваабаронцы прызналі палітвязнем, сябе вінаватым не прызнае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі