Улады пачалі траціць грошы, сабраныя з "дармаедаў"

Улады пачалі траціць грошы, сабраныя з "дармаедаў"

9 сакавіка Аляксандр Лукашэнка паведаміў краіне, што Дэкрэт №3 будзе адкарэктаваны, а грошы, якія беларусы ўжо заплацілі, аддадуць дзецям. "Усе плацяжы, каб нас не папракалі, павінны застацца ў мясцовых бюджэтах. Не ў абласных, а ў раённых. І гэтыя грошы выключна да капейкі павінны быць накіраваныя на ўтрыманне дзяцей. Толькі дзецям!" ― сказаў кіраўнік краіны.

Сказаў ― зрабіў. Ужо праз дзесяць дзён у Магілёве вырашаюць накіраваць мільён сабраных з “дармаедаў” рублёў на будаўніцтва дзіцячага садка (цалкам будаўніцтва будзе каштаваць 7 мільёнаў). Але ёсць праблема. Усім, хто заплаціў збор за 2015 год, паабяцалі яго вярнуць па першым патрабаванні.

"Усім, хто захоча вярнуць свае грошы, яны будуць вернутыя", ― пераконвае Еўрарадыё Юлія Кузмянкова з Упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. Але ж іх ужо пачалі траціць на будаўніцтва дзіцячага садка! "Вернем за кошт мясцовага бюджэту", ― супакойвае чыноўніца.

Дарэчы, даведацца, колькі "дармаедскіх" грошай сабралі жыхары Магілёва (Лукашэнка абяцаў, што ўсе плацяжы застануцца ў мясцовых бюджэтах і адтуль пойдуць на мясцовых дзяцей), практычна немагчыма. "Вы ў Міністэрства не спрабавалі звярнуцца? У нас то ўсе лічбы ёсць, я не таму вам так кажу, што не ведаю, ці хачу схаваць іх. Проста ў нас інфармацыю па гэтым трэцім дэкрэце дае канкрэтна Міністэрства па падатках і зборах... Я прабачаюся, проста зразумейце. Інфармацыя па дэкрэце №3 няпростая, і таму я б не хацеў яе агучваць", ― кажа ў размове з Еўрарадыё намеснік кіраўніка падатковай інспекцыі па Магілёўскай вобласці Мікалай Панкоў.

У Міністэрстве лічбаў па Магілёве не называюць, агучваюць толькі агульную лічбу для ўсёй краіны ― 16,3 мільёна рублёў. Хопіць на два з паловай дзіцячыя садкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі