Улады Літвы падтрымалі Сенат ЕГУ, апазіцыйны адміністрацыі

“Улічваючы тое, што ўстаноўленыя парушэнні акадэмічнай этыкі і працэдур павінны быць ліквідаваныя неадкладна, прашу рэктара ЕГУ да 2 чэрвеня 2014 года паведаміць кантралёру аб прынятых рашэннях па выкананні рэкамендацый кантралёра”, ― ліст з такім абзацам атрымлівае 30 красавіка адміністрацыя Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта ад Кантралёра па акадэмічнай этыцы і працэдурах Літвы.

Скаргу аб парушэннях у дзеяннях кіраўніцтва універсітэта ў дзяржаўны орган накіроўвае прадстаўнік Сената універсітэта Андрэй Ралёнак. У лісце Кантралёр рэкамендуе Кіроўнай радзе ЕГУ адклікаць рашэнне ад 25 студзеня 2014 года аб фармаванні конкурснай камісіі па адборы выкладчыкаў, а таксама прывесці свае дзеянні, звязаныя са зменамі ў кіраванні і структуры універсітэта, у адпаведнасць са Статутам ЕГУ. “Лагічным следствам гэтай рэкамендацыі павінна стаць адмена шэрагу ўжо прынятых рашэнняў ― ад увядзення пазіцыі правоста (першага прарэктара) да правядзення вынікаў конкурсу на 17 выкладчыцкіх пазіцый, абвешчанага 13 студзеня 2014”, ― перакананыя ў Сенаце.

Канфлікт паміж адміністрацыяй і Сенатам ЕГУ разгараецца яшчэ ўвосень мінулага года. Рэктар Міхайлаў вырашае правесці конкурс на выкладчыцкія пасады. Адна з галоўных умоваў ― пастаяннае пражыванне ў Вільні, з чым складана пагадзіцца шэрагу беларускіх выкладчыкаў. Ім зручна прыязджаць у Літву з Мінска толькі на час сваіх курсаў. У выніку выкладчыкі ствараюць кааліцыю “За новы ЕГУ”, з якой перамагаюць на выбарах у Сенат і патрабуюць адмовіцца ад правядзення конкурсу, які не адпавядае Статуту ЕГУ. Праз некалькі месяцаў кіраўнік Сената Павел Церашковіч губляе працу ва універсітэце ― адміністрацыя звальняе выкладчыка нават не дачакаўшыся заканчэння яго кантракту.

Рашэнне дзяржаўнага Кантралёра Літвы, створанага пры Сейме краіны, натхняе “апазіцыянераў”. Максім Жбанкоў расказвае Еўрарадыё, што пазіцыя літоўскіх уладаў павінна прымусіць адміністрацыю універсітэта адмовіцца ад ужо праведзеных выбараў выкладчыкаў.

“Калі фактычна аспрэчваецца механізм стварэння конкурснай камісіі, то, адпаведна, будуць аспрэчаныя і вынікі выбараў, праведзеных гэтай камісіяй”, ― перакананы ён.

Некаторыя змены ў асабовым складзе выкладчыкаў ЕГУ ужо вядомыя. Напрыклад, радыёжурналістыку замест карэспандэнта ВВС у Беларусі Таццяны Мельнічук у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце цяпер будзе выкладаць былая супрацоўніца “Советской Белоруссии” Ганна Шадрына.

Ліст Кантралёра хоць і носіць рэкамендацыйны характар, але абскардзіць яго рашэнні фактычна нельга. У выпадку адсутнасці рэакцыі з боку рэктарата Сенат ЕГУ можа смела звяртацца ў суд. Тым больш, што ў выніку правядзення конкурсу працу можа страціць амаль траціна старых выкладчыкаў, расказвае Максім Жбанкоў.

“У параўнанні з той колькасцю выкладчыкаў, якая цяпер працуе, скарочана будзе каля 30% чалавек. Гэта ў найлепшым выпадку”.

І гэта далёка не апошняя непрыемнасць, якая напаткала адміністрацыю ЕГУ. 2 траўня прайшло папярэдняе судовае паседжанне па іску старшыні Сената Паўла Церашковіча. Ён патрабуе адмяніць рашэнне аб яго звальненні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі