Украінскі эксперт: Місія Лукашэнкі будзе больш паспяховай, чым місія Захаду

“Рэч у тым, што Беларусь з’яўляецца адной з дзяржаў, якія найлепш разумеюць сітуацыю на постсавецкай прасторы. А Лукашэнка, адпаведна, можа выступаць у якасці пасярэдніка паміж Кіевам і Масквой. Ён і там, і там успрымаецца абсалютна нармальна”, — каментуе кіеўскі палітолаг Косць Бандарэнка рашэнне правесці новыя перамовы паміж Кіевам і Масквой у сталіцы Беларусі.

Ідэю агучвае прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка вечарам 29 ліпеня. Згоду ад кіраўніка Беларусі Парашэнка атрымлівае ўжо праз некалькі гадзін. Паведамляецца, што для пачатку ў Беларусь на перамовы прыедуць экс-прэзідэнт Леанід Краўчук, расійскі пасол Міхаіл Зурабаў і прадстаўнікі АБСЕ. Невядома, ці будуць прысутнічаць прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік. Гэта не зашкодзіла б: афіцыйная прычына перамоваў — жаданне вызваліць палонных украінскіх вайскоўцаў (такіх цяпер амаль дзве сотні), а таксама ўзгадніць ход расследавання катастрофы малайзійскага самалёта.

Косць Бандарэнка перакананы, што у Мінску дамовіцца бакам будзе прасцей з шэрагу прычын. У тым ліку і таму, што Лукашэнка лепш за іншых пасярэднікаў разумее сітуацыю.

“Я думаю, што місія Лукашэнкі спрацуе. І будзе больш эфектыўнай, чым місіі еўрапейскіх альбо амерыканскіх палітыкаў. Яны ведаюць сітуацыю ва Украіне горш, больш павярхоўна”

Перамовы пачынаюцца ўжо 31 ліпеня. Якой будзе пазіцыя Расіі, якой трэба аддувацца і за сепаратыстаў, і за сябе, пакуль невядома, — Крэмль ніякім чынам не каментуе падзею. Палітолаг Аляксандр Фядута таксама мяркуе, што яны будуць больш паспяховымі, чым ранейшыя. Не ў апошнюю чаргу таму, што цяпер Расія знаходзіцца ў кардынальна іншым становішчы.

“Ранейшыя перамовы ішлі ў сітуацыі, калі ціск Захаду на Маскву не быў настолькі моцным, калі яшчэ не было катастрофы малайзійскага “Боінга”. Сёння сітуацыя моцна змянілася”.

А што Лукашэнка? Ён ад ідэі Пятра Парашэнкі толькі выйграе, мяркуюць эксперты. У першую чаргу ў тым, што зможа стаць паспяховым палітыкам не толькі ўнутранага, але і рэгіянальнага маштабу. А таксама прадэманстраваць Расіі сваю незалежнасць і самастойнасць, а Захаду — моц і здольнасць вырашаць праблемы. Зручны момант. Тым больш што выбары ўжо праз год, і самы час арганізаваць невялікую адлігу ў адносінах Беларусі з Захадам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі