Украінскі актывіст: Барацьба — гэта не адзін раз выйсці на вуліцу

111122ZybiukS.mp3

Еўрарадыё: Чаму вы сёння не святкуеце гадавіну рэвалюцыі?


Павел Зуб'юк: Таму што з майго пункту гледжання, за гэты год я і мае сябры, якія ўдзельнічалі ў рэвалюцыі ў 2004 годзе, фактычна нічога не зрабілі для таго, каб затрымаць спаўзанне краіны ў аўтарытарызм, і для развіцця дэмакратыі. Пасля рэвалюцыі наша грамадства супакоілася, і з гэтага стану ўжо не выходзіла. А каб было нейкае развіццё трэба каб грамадства заўсёды змагалася, не засынала, а пастаянна працавала над тым, каб павялічваць прастору свабоды. А мы перамаглі і супакоіліся, кожны пачаў займацца сваімі справамі. У выніку мы збіраемся разам адзін раз на год, каб пастаяць на майдане, сустрэцца з сябрамі, выпіць па кілішку, узгадаць, як было файна, калі нас было шмат і мы разам стаялі. І ўсё на гэтым заканчваецца. Мы нічога не робім, глядзім на тое, як змяняецца сітуацыя ў краіне. Зараз прынялі змены ў выбарчае заканадаўства і ніхто нават не пратэставаў.

Еўрарадыё: А што гэта за змены?


Павел Зуб'юк: Фактычна вярнулі змешаную сістэму: палова парламента абіраецца паводле партыйных спісаў, а другая – па мажарытарных акругах, як у Беларусі. Гэта дае магчымасць вельмі лёгка праводзіць патрэбных уладзе людзей па мажарытарнай палове. Фактычна гэта прывядзе да таго, што праўладная фракцыя Партыі рэгіёнаў павялічыцца. Мяне абурае, што ніхто не пратэставаў, грамадства адрэагавала вельмі вяла.

Еўрарадыё: Але на майдан падчас святкавання можна выходзіць не толькі ўласна для святкавання, але і каб змагацца. Чаму украінцы не скарысталі гэтую магчымасць?


Павел Зуб'юк: Зараз адбываецца акцыя на майдане, нягледзячы на забарону выйшлі некаторыя народныя дэпутаты, яны праводзяць сустрэчу з выбаршчыкамі. Таксама каля сіза, дзе сядзіць Юлія Цімашэнка, сабраліся людзі, актывісты партыі Цімашэнкі «Батьківщина». Але барацьба — гэта не адзін раз выйсці на вуліцу. Трэба працаваць з людзьмі, ствараць грамадзянскія структуры. Чаму перамагла рэвалюцыя ў 2004 годзе? Таму што выйшлі не толькі свядомыя – журналісты, прагрэсіўныя студэнты, пісьменнікі. Выйшлі народныя масы, выйшлі людзі, якія ўбачылі святло ў канцы тунэля. Выйшлі простыя вяскоўцы, рабочыя, вадзілы маршрутак. Зараз гэтыя людзі выходзяць толькі тады, калі закранаюцца іх інтарэсы. Тыя, хто зараз вельмі шмат размаўляе пра дэмакратыю, павінны перш за ўсё знайсці ключык да шараговага украінца і далучыць яго да барацьбы. Асабіста я за гэты год нічога не зрабіў, і таму гэты Дзень свабоды — не для мяне, гэта не маё свята, у пэўнай ступені я здрадзіў гэтым ідэалам.

Еўрарадыё: Сёння, вы кажаце, робіце мала, а што вы плануеце рабіць заўтра?


Павел Зуб'юк: Людзі пераважна расчараваныя і кажуць, што ўлада моцная і мы нічога не можам зрабіць. Большая частка апатычна кажа пра свае праблемы. Адзін раз на год людзі выходзяць, адзначаюць гэты дзень, а потым зноў упадаюць у спячку. Канешне, я буду хадзіць на ўсе акцыі пратэсту, спрабую выпускаць газеты і раздаваць у электрычках, працаваць у інтэрнэце. Ідэяў шмат, а ці выйдзе штосьці станоўчае — гэта пытанне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі