Украінская рэвалюцыя знутры. Як арганізаваны Майдан

Позна ўвечары паміж групак пратэстоўцаў на Крэшчаціку бачу дзяўчыну ў чысценькім светлым паліто, з белай торбай у руках. На пакамечаных тыднямі пратэстаў дэманстрантаў яна не падобная. Гаворыць, што проста пайшла пакарміць людзей.

“Мяне завуць Анастасія. Пасля працы мы з сяброўкай прыходзім на Майдан і кормім хлопцаў, якія ахоўваюць яго. Сёння былі блінчыкі з курыцай, хатні булён з грэнкамі і кропам”.

Такіх добраахвотнікаў на Майдане шмат, але яны не змогуць пракарміць шматтысячны натоўп. Асноўная крыніца харчавання для дэманстрантаў – палявыя кухні. Ежу гатуюць альбо на адкрытым агні, альбо на электрычных плітках, засілкаваных ад генератараў. Самая папулярная на Еўрамайдане страва – грэчка з тушонкай. Перакусваюць дэманстранты канапкамі, п’юць гарбату і булён.

Знаёмлюся з поварам адной такой кухні. Памешваючы ў казане кашу, ён расказвае, што адначасова гатуе амаль на 200 чалавек.

“Вось вам казан – ён прыкладна на 50 чалавек. Яшчэ адзін на 60, ён большы. І гэты на 60. Яшчэ каструля ёсць. Агулам недзе на 150-200 чалавек за раз. І такіх 3-4 падыходы на абед альбо вячэру”

Іншы важны момант арганізацыі Майдана – кардоны. Яны пачынаюцца з вузкіх праходаў у барыкадах. 3-4 чалавекі сочаць, каб на тэрыторыю не праходзілі п’яныя і правакатары. З аховай захопленых будынкаў гарадской адміністрацыі і Палаца прафсаюзаў яшчэ больш жорстка. Сюды пускаюць толькі правераных актывістаў, пропуск трэба мяняць кожны дзень. Каб дайсці да прэс-цэнтра, размешчанага ў палацы прафсаюзаў, трэба мінуць 4 кардоны, на кожным пытаюць пропуск.

Дэпутат Вярхоўнай Рады ад Львоўскай вобласці Алег Канівец расказвае Еўрарадыё пра арганізацыю начлегаў. Ён кіруе двума вялікімі вайсковымі намётамі непасрэдна на Майдане, тут жа стаіць стары драўляны стол з крэслам – гэта грамадская прыёмная дэпутата.

Канівец: “Мы арганізавалі два намёты. Адзін з іх – абагрэвачны пункт. Тут людзі адаграюцца гарбатай, перакусваюць канапкамі альбо гарачай ежай. А другі намёт для сна. Тут людзі могуць 3-4 гадзіны паспаць”.

У намётах не тое каб утульна і пахне зусім не французскай парфумай, але адпачыць можна. Прынамсі, цёпла – абагравальнікі сілкуюцца ад электрагенератараў. Прыезджыя дэманстранты расказваюць, што большасць знаходзіцца на Майдане па 3-4 дні. Пасля іх замяняюць іншыя. Штодзённа пратэставаць выходзяць пераважна кіяўляне. Дэпутат Канівец расказвае пра 50 тысяч прыезджых з усёй Украіны мітынгоўцаў.

“У Кіеве прыезджых мітынгуючых – каля 50 тысяч. Усіх іх Майдан не змесціць, тут іх не размесціш. На Майдане адначасова могуць адпачываць каля 5 тысяч чалавек. Іншыя адпачываюць у будынку Прафсаюзаў альбо ў Кастрычніцкім палацы. Хтосьці ў будынку адміністрацыі Кіева”.

Акрамя гарбаты і намётаў мітынгуючыя саграюцца вогнішчамі. Іх паляць у круглых металічных бочках з дзіркамі ў ніжняй частцы – каб паступала свежае паветра. Ад гэтага над Майданам пастаянна пахне дымам. Кучы дроваў ляжаць проста пасярод праезджай часткі.

Ва ўсіх сваіх суразмоўцаў пытаюся, як доўга яны могуць тут знаходзіцца. У адказ чую адно: “Колькі будзе трэба”. Варта прызнаць, што акапаліся дэманстранты на Майдане насамрэч салідна і заставацца тут могуць нават у моцныя маразы. Было б жаданне пратэставаць.

Начлег у захопленым будынку гарадской адміністрацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі