Укладчыкам “Дэльта Банка” кампенсуюць працэнты па дэпазітах

Укладчыкам “Дэльта Банка” ў поўным аб’ёме кампенсуюць іх дэпазіты, а таксама працэнты, налічаныя на момант адклікання ў банка ліцэнзіі. Пра гэта БЕЛТА інфармуе са спасылкай на часовую адміністрацыю крэдытнай установы.

Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў фізічных асобаў мае дастаткова сродкаў, каб выканаць абавязанні перад укладчыкамі ў поўным аб’ёме. Апроч саміх укладаў, кліенты-фізасобы атрымаюць працэнты, якія банк налічваў па 17 сакавіка ўключна — то бок, на момант пазбаўлення ліцэнзіі.

23 сакавіка Агенцтва распачало папярэдні запіс на прыём наконт заяваў вяртання ўкладаў “Дэльта Банка”. Атрымаць свае грошы кліенты ўстановы змогуць праз 14 дзён пасля падачы самой заявы. Аднак пакуль невядома, калі пачнецца ўласна прыём такіх дакументаў. Часовая адміністрацыя “Дэльта Банка” ўвогуле рэкамендуе ўкладчыкам пачакаць з запісам на прыём тыдзень-другі.

Выплата грошай будзе ажыццяўляцца праз банк “Масква-Мінск” — як у сталіцы, так і ў рэгіёнах, дзе ёсць аддзяленні гэтага банка.

Нагадаем, што “Дэльта Банк” пазбавілі ліцэнзіі на банкаўскую дзейнасць з 18 сакавіка рашэннем Нацбанка. Такія захады растлумачылі няздатнасцю ўстановы выконваць свае абавязанні перад кліентамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі