Указам Лукашэнкі ў Беларусі павялічаныя штрафы для валютчыкаў

У Беларусі павялічваюцца штрафы за незаконныя аперацыі з валютай. Адпаведны ўказ №49 "Аб забеспячэнні парадку пры ажыццяўленні валютных аперацый" 9 лютага падпісаў Аляксандр Лукашэнка, інфармуе БЕЛТА.

Паведамляецца, што галоўная мэта новаўвядзення — не дапусціць развіццё негатыўных тэндэнцый на валютным і фінансавым рынках пры ўзрослым попыце на замежную валюту.

За незаконныя куплю, продаж, абмен замежнай валюты прадугледжаны штраф да 150 базавых велічынь (сёння 27 млн рублёў), а пры паўторным парушэнні — да 200 базавых велічынь (36 млн). За незаконнае прыняцце замежнай валюты ў якасці аплаты фізічную асобу аштрафуюць на суму да 100 базавых велічынь (18 млн рублёў), індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў — да 200 базавых велічынь (36 млн). Пры паўторным здзяйсненні штраф павялічваецца адпаведна да 200 і да 300 базавых велічынь (36 млн і 54 млн).

За валютныя аперацыі без неабходнага дазволу Нацбанка адміністрацыйны штраф павялічваецца да 100 базавых велічынь (18 млн), а для індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў — да 200 базавых велічынь (36 млн).

Пры гэтым у вінаватага будуць канфіскоўваць усю наяўную пры ім валюту і грошы, а не толькі тую суму, якую ён збіраўся памяняць.

Таксама ўводзіцца адміністрацыйная адказнасць за замах на куплю, продаж, абмен замежнай валюты без ліцэнзіі або дзяржаўнай рэгістрацыі. На думку распрацоўшчыкаў указа, гэта дазволіць прыцягваць да адказнасці асоб, якія навязваюць грамадзянам свае паслугі па незаконных аперацыях з валютай.

Указ набывае моц пасля афіцыйнага апублікавання. Ён будзе дзейнічаць, пакуль не набудзе моц закона аб унясенні адпаведных дапаўненняў і зменаў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс.

Фота — naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі