Уезд на вілейскія могілкі застанецца платным — так вырашылі дэпутаты

Уезд на вілейскія могілкі застанецца платным — так вырашылі дэпутаты

Уезд на могілкі ў Вілейцы застанецца платным. Такое рашэнне прынялі на сваім пасяджэнні 28 жніўня дэпутаты раённага савета, піша kraj.by. 

Як распавядала Еўрарадыё, напрыканцы чэрвеня Вілейскі райвыканкам вырашыў зрабіць уезд на могілкі платным. Прыватныя асобы плацяць за кожны ўезд 2 рублі 55 капеек (0,1 базавай велічыні), прадпрымальнікі, якія ўсталёўваюць помнікі, — 51 рубель (2 базавыя).

Былы дэпутат райсавета Іосіф Маціюн прапанаваў адмяніць гэтае рашэнне. Ён спасылаўся на тое, што гэта супярэчыць асноўнаму пастулату Канстытуцыі, якая абвяшчае Беларусь сацыяльнай дзяржавай. 

Намесніца дырэктара Вілейскага ЖКГ Марына Андрыеўская заявіла дэпутатам, што плата за ўезд уведзеная, каб знізіць нагрузку на раённы бюджэт, з якога фінансуецца ўтрыманне могілак. "Але я ж прапанаваў камунальнікам зарабляць грошы інакш. Напрыклад, адкрыць рытуальную залу, якой няма ў Вілейцы", — кажа Маціюн.

За тое, каб уезд заставаўся платным, выступілі начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Кацярына Ткачэнка і старшыня Вілейскага райвыканкама Алег Бегунец.

У выніку з 22 дэпутатаў 19 прагаласавалі супраць адмены платы, 2 устрымаліся. За адмену выказаўся толькі адзін дэпутат — адвакат Мінскай абласной калегіі адвакатаў Андрэй Барташэвіч. Сваю пазіцыю ён патлумачыў так: "Я галасаваў за праект Маціюна, таму што той 51 рубель, які трэба плаціць за ўезд на могілкі пры ўсталёўцы помніка, кладзецца на плечы чалавека, у якога гора, а не на прадпрымальніка, які ўсталёўвае гэты помнік. Не паверу, што прадпрымальнікі не павялічылі кошт сваіх паслуг пасля ўвядзення аплаты"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі