У ЗША двое беларусаў праходзяць па справе аб крадзяжы 1,35 млн долараў

У ЗША двое беларусаў праходзяць па справе аб крадзяжы 1,35 млн долараў

Пракуратура ў амерыканскім штаце Пенсільванія выставіла двум грамадзянам Беларусі завочныя абвінавачванні ў замешанасці ў крадзяжы 1,35 млн. долараў пры кібератацы на банк у ЗША. Пра гэта заявіў журналістам у Пітсбургу пракурор Заходняй акругі Пенсільваніі Дэвід Хіктан.

Як інфармуе БелаПАН, гаворка ідзе пра 34-гадовага Аляксея Ярашэвіча і 41-гадовага Ягора Паўленку. Паводле дадзеных уладаў ЗША, абодва яны былі затрыманыя ў Мінску ў сувязі з расследаваннем дзейнасці міжнароднай хакерскай групоўкі. Паводле сцвярджэння пракуратуры ў Пітсбургу, мужчыны замешаныя ў крадзяжы грошай з рахунку ў амерыканскім банку нафтагазавай кампаніі Penneco Oil, якая базіруецца ў Пенсільваніі.

Раней паведамлялася, што беларускія праваахоўнікі сумесна з ФБР спынілі дзейнасць міжнароднай злачыннай групы, якая крала сродкі кампаній. Яе ўдзельнікі на працягу некалькіх апошніх гадоў з выкарыстаннем шкоднаснага праграмнага забеспячэння завалодвалі рэквізітамі банкаўскіх рахункаў розных кампаній. У далейшым злачынная група спрабавала легалізаваць скрадзеныя грошы з дапамогай спецыяльна створаных для гэтых мэтаў фіктыўных кампаній, зарэгістраваных у Беларусі, Кітаі, Бангладэш і іншых краінах. Спачатку паведамлялася пра дваіх затрыманых мінукоў, у пачатку траўня стала вядома, што па крымінальнай справе затрыманы трэці ўдзельнік групы — мінчук 1972 года нараджэння.

Затрыманым выстаўленае абвінавачванне ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 4 арт. 212 КК (крадзеж шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі, учынены арганізаванай групай у асабліва буйным памеры). Яны знаходзяцца пад вартай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі