У зборную Беларусі па спартовай гімнастыцы больш не будуць запрашаць амерыканак

У зборную Беларусі па спартовай гімнастыцы больш не будуць запрашаць амерыканак

“Я ў шоку. Беларуская гімнастыка пасля гэтай Алімпіяды для мяне загінула. Проста не ведаю, што вам сказаць”, — эмацыйна падсумоўвае вынікі гульняў у Рыа Святлана Баітава, наша алімпійская чэмпіёнка 1988 года.

У зборную Беларусі па спартовай гімнастыцы больш не будуць запрашаць амерыканак

На Алімпіядзе за Беларусь выступіла амерыканская гімнастка Кайлі Дзіксан. І заняла перадапошняе месца ў кваліфікацыі. Свае ж спартсменкі на гульні не паехалі, ды і адпраўляць не было каго. Хоць у свой час у гонар нашых гімнастак называлі цэлыя элементы. Вольгу Корбут, Святлану Багінскую і Нэлі Кім ведалі па ўсім свеце, іх лічылі іконамі стылю і тэхнікі. Але ў канцы 90-х беларуская спартовая гімнастыка, як жаночая, так і мужчынская, пачала падаць у прорву. Гульні ў Рыа сталі, як кажуць, апошняй кропляй. У зборнай пачаліся рэвалюцыйныя змены.

Па-першае, прынятае рашэнне, што амерыканкі больш не будуць прыцягвацца ў склад зборнай.

“Запрашаць іх — гэта было рашэнне не трэнераў. Рашэнне прынялі вышэй”, — наўпрост выказваецца Еўрарадыё крыніца ў нацыянальнай камандзе па спартыўнай гімнастыцы.

У зборную Беларусі па спартовай гімнастыцы больш не будуць запрашаць амерыканак

Прызначаны і новы галоўны трэнер. Гаворка пра заслужанага трэнера СССР Алега Астапенку. Ён рыхтаваў алімпійскіх чэмпіёнак ва Украіне і чэмпіёнак свету ў Бразіліі. Спадзяюцца, што дапаможа і беларускам. У нацыянальнай камандзе выказваюцца, што пачынаюць усё з чыстага аркуша.

Правал, які здарыўся ў беларускай гімнастыцы, звязваюць у першую чаргу з ад’ездам за мяжу многіх топавых трэнераў, якія паспяхова працуюць з нацыянальнымі зборнымі іншых краін. Беларуская асацыяцыя гімнастыкі вядзе перамовы пра вяртанне некаторых спецыялістаў на радзіму. Адным з першых у Беларусь можа прыехаць Анатоль Варанцоў, які ў апошнія гады працаваў са зборнай Францыі.

Тым не менш, у нацыянальнай камандзе падказваюць, што наша спартовая гімнастыка хоць і не дапамагла сама сабе, але ўмацавала іншыя віды спорту:

“Наш спорт даў моцных спартсменаў іншым відам. Той жа батутыст Ганчароў, які ўзяў золата на Алімпіядзе, пачынаў са спартовай гімнастыкі. Лёгкаатлетка, якая выступіць на Алімпіядзе у скачках з шастом — таксама майстар спорту па спартовай гімнастыцы (у гэтай дысцыпліне Беларусь прадставіць Ірына Якалцэвіч, — Еўрарадыё).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі