У якіх крамах украінскія сепаратысты набылі танкі, БТРы і “Грады”?

На другі дзень пасля “мірных” перамоў у Мінску сітуацыя на ўсходзе Украіны рэзка пагоршылася. Паводле інфармацыі СНБА Украіны, “працягваецца контрнаступ падраздзяленняў Узброеных сілаў РФ і бандфармаванняў у паўднёва-ўсходняй частцы Данецкай вобласці. 27 жніўня пад кантроль расійскіх ваенных перайшоў горад Новаазоўск, а таксама шэраг населеных пунктаў Новаазоўскага, Старабешанеўскага, Амвросіеўскага раёнаў”.

У Кіеве сцвярджаюць, што сілы АТА атакаваныя дзвюма калонамі, узмоцненымі танкамі, БТР і БМП, “якія зайшлі ва Украіну з Растоўскай вобласці”.

Масква абвінавачанні ў дапамозе сепаратыстам танкамі і салдатамі абвяргае. Маўляў, усе танкі і БТР — мясцовыя. Чые ж яны і адкуль узяліся, цікавіцца Еўрарадыё ў ваенных экспертаў?

Па словах былога міністра абароны Украіны Аляксандра Кузьмука, цяпер адбываецца непрыхаванае ўварванне на тэрыторыю Украіны рэгулярных войск Расіі. І атакуюць яны сілы АТА на танках, прывезеных з Расіі, а не захопленых у вайсковых частках Данбаса.

Аляксандр Кузьмук: “Выпадкі адзінкавыя, калі танкі былі падбітыя, захопленыя, імі (сепаратыстамі — Еўрарадыё) рамантаваліся — такое было. Але каб масава, на базах захоўвання, на складах захоплівалі — такога няма. Гэта выключна прывезеныя з баз захоўвання, але расійскіх. Гэта прамое ўварванне, і гэта відавочны факт. І рабіць выгляд, што гэтага не адбываецца, што гэта выпадкова, што заблукалі падчас вучэнняў са снарадамі ў каналах ствалоў... Ну, слухайце, гэта для дзяцей!”

Не зусім згодны з тым, што танкі ў сепаратыстаў выключна з Расіі, беларускі эксперт Аляксандр Алесін. На яго думку, найхутчэй крыніцы паходжання ў іх розныя.

Аляксандр Алесін: “Паводле звестак, мела месца каласальнае карупцыйнае злачынства. Калі дзясяткі танкаў, дзясяткі гаўбіц і дзясяткі ўстановак “Град” вайскоўцы ваеннай базы Арцёмаўска, што непадалёк ад Данецка, проста прадалі сепаратыстам, а ўсё было пададзена так, што яны былі страчаныя падчас баявых дзеянняў”.

Па яго падліках, да 150 закансерваваных танкаў і БТР, што захоўваліся на базе ў Арцёмаўску, такім чынам трапілі ў рукі сепаратыстаў. Праўда, каб іх можна было выкарыстоўваць, неабходна правесці вялікую падрыхтоўча-рамонтную працу. У Данецку ж дастаткова заводаў, дзе баявую тэхніку маглі давесці да ладу.

Толькі база ў Арцёмаўску і баявыя трафеі, якія згадваў генерал Кузьмук, не адзіныя крыніцы атрымання цяжкой тэхнікі ў сепаратыстаў. Алесін прызнае:

Аляксандр Алесін: “Найбольш важныя віды ўзбраення: танкі Т-64, якія былі ў распараджэнні расійскай арміі, магчыма, Т-55 і некаторыя іншыя, “Грады” старыя, гаўбіцы старыя і мінамёты — магчыма, паступалі з РФ”.

А ёсць яшчэ мясцовыя алігархі, якія фінансава падтрымліваюць сепаратыстаў і аплачваюць пастаўкі цяжкога ўзбраення з трэціх краін. Праўда, ідуць гэтыя пастаўкі ўсё адно праз Расію, дадае беларускі эксперт.

Вывесці з глыбокай кансервацыі танкі, што захоўваюцца на ўкраінскіх базах, і давесці іх да ладу не так проста, пярэчыць беларускаму эксперту ўкраінскі ваенны аналітык Аляксей Арастовіч.

Аляксей Арастовіч: “Аднаўленне баявой тэхнікі і танкаў, да прыкладу, — гэта працэс, з якім не кожная дзяржава можа справіцца. Ладна аднавіць хадавую частку і працу рухавіка, але ж ёсць такія рэчы, як сістэма кіравання агнём. Там мікронныя допускі, там тонкая электроніка — трэба мець адпаведную апаратуру і спецыялістаў. Для гэтага там павінен быць танкарамонтны завод, які спецыялізуецца на давядзенні зброі да нармальнага бою, на сістэму ўпраўлення агнём. А там няма такіх заводаў”.

Па словах эксперта, у пачатку канфлікту на Данбасе сепаратыстам пастаўляліся тэхніка і ўзбраенне, захопленыя ў Крыме. Пазней на грошы Віктара Януковіча на расійскіх заводах пачалі рамантаваць закансерваваныя на расійскіх базах танкі. Сёння сітуацыя чарговы раз змянілася.

Аляксей Арастовіч: “Прыблізна два тыдні таму пачалі прыходзіць паведамленні, што грошы ў Януковіча закончыліся: няма чым плаціць баявікам, няма за што аднаўляць тэхніку. У гэты момант было прынятае рашэнне, і пайшла расійская тэхніка на расійскія грошы”.

А вось расійскія ваенныя эксперты адмовіліся каментаваць Еўрарадыё, чые ж танкі атакуюць апошнімі днямі пазіцыі ўкраінскай арміі. Так, ваенны аналітык расійскага Цэнтра аналізу стратэгій і тэхналогій Васіль Кашын спачатку заяўляе, што нават СНБА прызнае, што танкі ў сепаратыстаў не расійскія, а потым увогуле адмаўляецца даваць каментары на “танкавую” тэму і адказваць на пытанне, ці сапраўды маглі сепаратысты адладзіць закансерваваныя ўкраінскія танкі.

Аляксей Арастовіч сцвярджае, што па іх падліках дзесьці 10-12 тысяч расійскіх вайскоўцаў ужо знаходзяцца ва Усходняй Украіне. Як у сітуацыі, калі праз дзіравую ўкраінска-расійскую мяжу пастаянна прыходзяць новыя танкі, БТР і салдаты, ваяваць сілам АТА?

Генерал Аляксандр Кузьмук рубіць з пляча: “Арміі трэба дзейнічаць рашуча, больш рашуча! А ўсё, што трэба, — усё ў нас ёсць!”

Не так аптымістычна глядзіць на сітуацыю Аляксей Арастовіч.

“Нам трэба адкочвацца на лінію Палтава — Днепрапятроўск — Запарожжа — Крымскі перашыек і будаваць там стратэгічную абарону. Бо нашы стратэгі размазалі армію па пасёлках, па ўзводах і ротах, забыўшыся, што галоўны прынцып вайны — гэта канцэнтрацыя намаганняў”.

Усе эксперты прызнаюць: сёння ўкраінская армія ў вельмі складанай сітуацыі яшчэ і таму, што апошнімі днямі значна павялічылася колькасць войскаў, што ваююць супраць сіл АТА. Калі да 10-12 тысяч расійскіх ваенных дадаць 15 тысяч войскаў ДНР і ЛНР, то агулам гэта будзе больш, чым ёсць у складзе ўкраінскіх войскаў на ўсходзе.

Фота: army.unian.net 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі