У вёсцы Крамянец пад Лагойскам вада з калонак цячэ напалам з брудам

А самі калонкі больш нагадваюць фантаны, але рамантаваць іх не збіраюцца, бо вадаправодная сістэма… не належыць нікому і ніхто за яе не адказвае (фота+відэа). Беларусь называюць краінай рэк і азёраў. Але праблема чыстай вады ўсё часцей становіцца адной з самых балючых. Прычым не толькі для жыхароў шматкватэрных дамоў у гарадах, але і гаспадароў прыватных дамоў у вёсцы. Так, на даволі вялікую вёску Крамянец Лагойскага раёна прыпадае ўсяго дзве калонкі. Ды і тыя — старыя, іржавыя ды працякаюць з усіх бакоў, расказала Еўрарадыё жыхарка вёскі Соф’я Мардас.

Соф’я Мардас:
“Яна зусім згніла, дзед мой рабіў шплінт, дзірачку затыкаў. Але там ўсё адно дзірка — цячэ, свішча фантанам. І ўверх фантанам б’е — не падысці. Я тут зверху глыбу паклала, прыціснула, каб хоць падысці!”





Жанчына кажа, што жыхары вёскі тэлефанавалі ў сельсавет, Жылкамгас, але рэакцыі ніякай. Тым больш, што сітуацыя з другой калонкай, што знаходзіцца на другім канцы вёскі, выглядае яшчэ горшай.

Соф’я Мардас: “Тэлефанаваць бессэнсоўна, рэакцыі нуль. Вунь, у цэнтры сяла таксама цячэ, там увогуле жудасная рэч, што робіцца. Так цячэ, што дарогу размыла. А зімой што робіцца! Там глыба лёду з мяне ростам была і да канца траўня не магла растаць. А таму старшыні сельсавета начхаць на ўсё: у іх вада, лазня-ванна ў хаце. А працоўны чалавек рабіў-рабіў, а кінуў рабіць і — прэч! Жыві, як хочаш!”

Але тое, што калонкі больш нагадваюць фантаны, не самае страшнае. І нават з тым, што хадзіць за вадой даводзіцца сталым жанчынам даволі далёка, яны звыкліся і змірыліся. Хоць і спадзяюцца, што калі справа дойдзе-такі да рамонту, то калонкі перанясуць бліжэй да іх падворкаў. Карэспандэнту Еўрарадыё паказалі, што вада з калонак цячэ разам з зямлёй і брудам. Асабліва калі зробіш моцны струмень. Таму набіраюць павольна, каб менш бруду было, а потым ставяць ваду адстаяцца: каб бруд асеў на дно вядра, распавяла Надзея Мілашэўская.






Надзея Мілашэўская:
“Напляваць начальству на тое, што тут у нас. У цябе няма вады, ты неяк і старайся. І вось, як ёсць, так і жывем. Раскошы не бачылі ніколі, дык добра і гэтак. А што нам патрабаваць? Старшыня ж сельсавета ёсць, за яго ж галасавалі! Што ён, не ведае, якая тут калонка на ўвесь гэты хутар? Кожная кропля чыстай вады на падліку. Дзеці прыедуць з горада, разліваюць ваду, а я крычу на іх: “Не разлівайце, каб на даўжэй было!” Вось так і жывем”.

Каб даведацца, чаму камунальныя службы не вырашаюць праблему з вадой у вёсцы Крамянец, Еўрарадыё патэлефанавала ў лагойскі Жылкамгас. Як высветлілася, там пра гэтую праблему ведаюць, але дапамагчы не могуць — гэта не іх гаспадарка.

Супрацоўнік Жылкамгаса: “Ведаю я пра гэта пытанне. Але рэч у тым, што Крамянец не перададзены нам, ён не пад нашым “уплывам”. Яны нам не плацяць. Гэта ўсё — калгаснае”.

І параіў звярнуцца да старшыні сельсавета — маўляў, ён павінен вырашаць праблемы вяскоўцаў. Але старшыня мясцовага сельсавета Валеры Гарачка заявіў, што і мясцовыя ўлады нічым дапамагчы не здольныя. Бо калонкі ў Крамянцы… нічыйныя. І ніхто за іх не адказвае.

Валеры Гарачка: “Праблема ў тым, што гэтая сістэма ў Крамянцы не знаходзіцца ні на чыім балансе. І рамонт праводзіцца саматужным метадам, у асноўным, самімі жыхарамі, штосьці сельсавет, штосьці калгас дапамагае. Балансаўтрымальніка няма, і таму фінансаванне складана выбіваць менавіта на вадаправодную сістэму ў вёсцы Крамянец. У 2007 годзе іх нікому не перадалі, сістэма выскачыла з поля зроку савета. І цяпер мы дабіваемся, каб Жылкамгас узяў іх сабе на баланс, але яны ў няспраўным стане не хочуць браць. Таму ў нас такія вось праблемы”.



Як вадаправодная сістэма цэлай вёскі магла выскачыць з поля зроку сельсавета, яго старшыня не патлумачыў. А ў Жылкамгасе прызналіся, што сапраўды не гараць жаданнем вешаць на сябе няспраўную сістэму вадаправоду ў Крамянцы.

Супрацоўнік Жылкамгаса: “У нас паўсюль завал, паўсюль! Лініі дрэнныя, па 40 гадоў. Паўсюль прарывы, калонкі цякуць! Не ведаеш, за што хапацца!”

Звярнулася Еўрарадыё і ў Лагойскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі з пытаннем пра брудную ваду ў калонках Крамянца. Галоўны доктар цэнтра Ўладзімір Касабука паабяцаў выслаць ў вёску “групы хуткага рэагавання” і дапамагчы вяскоўцам націснуць на мясцовае кіраўніцтва, каб вырашыць пытанне рамонту калонак.

Уладзімір Касабука: “Пастараемся ўтрэсці гэта пытанне, каб жыхарам было нармальна. І зараз пастараемся накіраваць туды сваю брыгаду — няхай там працуюць”.

Самае прыкрае ў гэтай сітуацыі тое, што праблема з калонкамі-фантанамі і бруднай вадой у іх цягнецца не першы год. Надзея Мілашэўская распавяла, што летась канчаткова страціла веру ў дапамогу ўладаў. Выклікала машыну, каб прасвідравалі дзірку, і паставілі калонку на яе падворку. Яна спадзявалася, што за ўласныя грошы атрымае чыстую ваду побач з хатай. Не атрымала: да вады свідроўшчыкі не дабраліся. Але 1 мільён за працу ўзялі ўсё адно. Сёлета жанчына набыла за 1,2 мільёна кольцы для калодзежа. Але яго яшчэ трэба выкапаць. І грошай на гэта ўжо няма.

Фота і відэа Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі