У Віцебску прапануюць усталяваць мемарыяльную дошку Сяргею Буткевічу

Сяргей Буткевіч, які пайшоў з жыцця сёлета 29 траўня, быў адным з вядомых незалежных журналістаў. Калегі хочуць ушанаваць яго памяць: сабраць грошы на мемарыяльную дошку і звярнуцца ў гарвыканкам з адпаведным лістом, паведамляе Радыё Свабода. Ініцыятыва ў гэтай справе ідзе ад сябра Сяргея Буткевіча, журналіста Ўладзіміра Жыгулова. Ён рыхтуе зварот да ўладаў. Падпісаць зварот пагадзіліся і віцебскія сябры «БАЖ», і шараговыя грамадзяне Віцебску, бо Буткевіч быў вядомай у Віцебску асобай.

Ён пачаў прафесійную дзейнасць амаль 40 гадоў таму ў абласной газеце «Витебский рабочий», потым працаваў у рэдакцыі інфармацыі Віцебскай абласной студыі тэлебачання, уласным карэспандэнтам БЕЛТА, «Народнай газеты», пазней — у недзяржаўных СМІ: газетах «Витебский курьер» і «Курьер из Витебска», «Народная воля». З апошнім выданьнем журналіст супрацоўнічаў да самай смерці, нягледзячы на тое, што пасля трох інсультаў стаў інвалідам II групы.

Сродкі на ўшанаванне памяці журналіста мяркуе збіраць распаўсюднік незалежнай прэсы Барыс Хамайда. На гэта ёсць каля году: у кастрычніку 2011-га Сяргею Буткевічу споўнілася б 70 гадоў, і якраз да гэтага часу было б добра ўсталяваць памятную дошку на доме № 5/13 па вуліцы Шубіна, дзе ён жыў у апошнія гады, кажуць калегі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі