У школы размяркоўваюць настаўнікаў з сярэднім балам у дыпломе 4 і 5

“Хацеў паехаць і адчуць, як тут усё, бо пішуць, што ўсё тут панура. Насамрэч, не горш, чым у іншых раённых цэнтрах. Вяду гісторыю, рускую літаратуру і грамадазнаўства”, — апісвае Уладзімір сваё размеркаванне ў Брагінскі раён пасля Гомельскага ўніверсітэта.

Спачатку малады спецыяліст хацеў застацца ў Гомелі, але месцаў не было. Абіраў паміж Кармянскім і Брагінскім раёнамі. Сярэдні бал у дыпломе ў яго — 6.

Настаўнікаў не хапае, адразу кажуць у аддзеле адукацыі Брагінскага раёна. На сярэдні бал тут асабліва не глядзяць. Нават у Мазыры не хоча працаваць выпускніца з сярэднім балам 4 з 10 магчымых у дыпломе.

“Размеркавалі сёлета ў Мазыр выпускніцу з сярэднім балам 4, і яна не захацела. А да нас у Брагінскі раён размяркоўваюць у апошнюю чаргу. Матэматыкі ідуць нават выхавацелямі, толькі б не ехаць у Брагін”, — расказваюць у мясцовым аддзеле адукацыі.

З 35 спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, якіх замаўляў Брагінскі раён, сёлета прыслалі толькі шасцярых.

Суседнім з Брагінам Хойнікам сёлета пашанцавала больш, набралі ўсіх спецыялістаў і ўзялі настаўніка з сярэднім балам 8 у атэстаце.

“Я бачу, калі фізік-матэматык з сярэднім балам 8-9, значыць, добры спецыяліст. З сярэднім балам 4 у нас няма нікога”, — дзеляцца ў хойніцкім раённым аддзеле адукацыі.

Самы нізкі бал размеркаваных настаўнікаў — 5 — у Мазырскім педагагічным універсітэце. І нават яны могуць абіраць і не паехаць у блізкія да Чарнобыля раёны, тлумачаць ва ўніверсітэце.

“Пяць з нечым — самы нізкі бал. Але не ўсе аддзелы адукацыі атрымалі нашых выпускнікоў. Мы не можам даць столькі выпускнікоў, колькі ім трэба. Нават для тых, у каго 5, ёсць іншыя месцы, якія яны абіраюць і едуць туды”.

Летась дыпломы за кошт бюджэту атрымалі 20,3 тысячы чалавек. На працу з іх накіравалі 19 тысяч. Але маладымі спецыялістамі сталі толькі 18,3 тысячы, падлічвае Белстат.

Фота: mirpodarka.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі