У рымскім метро цягнік заціснуў беларуску дзвярыма і працягнуў па платформе
Станцыя "Тэрміні". Фота: NYCSubway.org
43-гадовая беларуска захрасла ў дзвярах цягніка на перасадачнай станцыі "Тэрміні" ў рымскім метро. Прадугледжаная на гэты выпадак аварыйная тармазная сістэма не спрацавала.
Гэта здарылася 11 ліпеня. Паліцыя аднавіла карціну таго, што адбылося. Беларуска спрабавала паспець ускочыць у апошні вагон цягніка, але дзверы зачыніліся. Усярэдзіне вагона апынулася рука жанчыны з торбамі. Цягнік крануўся і пацягнуў беларуску за сабой.
Толькі на наступнай станцыі машыніст звярнуў увагу на агні сігналізацыі і выйшаў з кабіны, каб паглядзець, што здарылася. Шакаваныя пасажыры паказалі яму пластыкавыя пакеты з абарванымі ручкамі. Па іх словах, у вагоне працавала сігналізацыя, але цягнік чамусьці не спыніўся.
"Звычайна, калі чалавек захрасае ў дзвярах, спрацоўвае аварыйная сістэма тармажэння, і цягнік спыняецца аўтаматычна. Але ў гэты раз такога не адбылося, сігналізацыя не суправаджалася тармажэннем. Таму я спыніўся толькі на наступнай станцыі, каб паглядзець, што здарылася", — распавёў паліцыі машыніст.
Жанчына была тэрмінова дастаўлена ў бальніцу. У яе некалькі пераломаў па ўсім целе. Але небяспекі для жыцця няма, паведамляе La Repubblica.