У Рыме адшукалі невядомы палац Радзівілаў (Фота)

Князі прадалі будынак яшчэ перад Другой сусветнай вайной, здымкаў не захавалася. Фотаздымкі "Еўрарадыё" -- першыя, вядомыя ў Беларусі! Палац Радзівілаў у Рыме можна назваць напраўду невядомым – яго няма ў турыстычных даведніках, пра яго ведаюць нават не ўсе даследчыкі гісторыі роду. Князі валодалі ім да 1930-х гадоў, пасля прадалі ў сувязі з вялікімі выдаткамі.

Пра месцазнаходжанне гэтага палацу нам падказала князёўна Эльжбета Радзівіл у часе летняга візіта ў Нясвіж. Палац удалося адшукаць, сёння ў ім знаходзіцца ліцэй.

Раён, дзе стаіць палац, досыць прэстыжны – наўкол суцэльна асабнякі заможных рымлян, банкі, непадалёк – амерыканская амбасада, за 10 хвілін можна дайсці да славутай Плошчы Рэспублікі.

Палац чатырохпавярховы, небагата дэкараваны, даволі вялікі, з прылеглым садам. У садзе цяпер месціцца спартовая пляцоўка для ліцэістаў. Дзверы з вуліцы шчыльна зачыненыя, на званок ніхто не адгукаецца. Я паспрабаваў зайсці ў двор, але нейкая жанчына выбегла насустрач і замахала рукамі, лапочучы па-італійску: “Ліцэо! Ліцэо! Нот энтэр!”

Па-ангельску яна не разумела ўвогуле, таму давялося падпарадкавацца і выйсці назад на вуліцу.

Па вяртанні дадому я звязаўся з пані Эльжбетай Радзівіл і папрасіў распавесці колькі словаў пра палац. Адметна, што на перасланых здымках ад "Еўрарадыё" пані Эльжбета ўпершыню пабачыла родны палац пасоля 1920-х гадоў!..

Эльжбета Радзівіл: Там разам з бабкай жыў пан Крупеньскі, расіянін. Жыў наш лекар, аўстрыяк Досталь… Жыла яе сяброўка Галіна Булгак.

Еўрарадыё: А з сям’і ці жыў яшчэ хто?
Эльжбета Радзівіл: Мой бацька, калі прыязджаў, жыў. Я некалькі месяцаў жыла – у 1929 годзе…
Еўрарадыё: Бо я гляджу, што такі дужы палац…
Эльжбета Радзівіл:  Дужы! Але ж і бабка мая была дужая!.. (смяецца) Яна была вельмі мажная кабета!..

Адметна, што менавіта гэты палац адыграў вялізную ролю для Радзівілаў у ХХ стагоддзі. Менавіта тут, у Рыме, бабуля пані Эльжбеты Марыя Ружа Браніцкая пазнаёмілася з італьянскай каралевай, якая заходзіла часам да пані Марыі на каву.

І калі пасля 17 верасня 1939 года Радзівілаў кінулі ў канцлагер пад Масквой, менавіта каралева Італіі выставіла савецкім уладам ультыматум: ці выпускаеце Радзівілаў, ці мы больш не хаўруснікі. Камуністы вырашылі, што выпусціць Радзівілаў будзе танней.

Ці мае палац Радзівілаў у Рыме гісторыка-архітэктурную каштоўнасць? Гэтая пытанне мы задалі магістру мастацтвазнаўства Сяргею Харэўскаму. Упершыню здымак палаца Радзівілаў у Рыме спадар Сяргей атрымаў ад "Еўрарадыё".

Сяргей Харэўскі: "Гэты палац адносіцца да эпохі Віктара Эмануіла. Гэта сярэдзіна ХІХ стагоддзя, італьянскі неакласіцызм. Зважаючы на выключную мемарыяльную значнасць гэтага аб’екта для беларусаў, бясспрэчна, хацелася б, каб палац быў уключаны ў спіс абавязковых месцаў для наведвання беларускімі турыстамі ў Рыме".

Адметна, што пра палац Радзівілаў у Рыме не ведаюць нічога дакладна нават у Нясвіжскім гісторыка-культурным запаведніку, у чыім падпарадкаванні знаходзіцца цяпер замак Радзівілаў. Маўляў, чулі, але здымкаў ніколі не бачылі. Гаворыць намесніца дырэктара Галіна Кандрацьева.

Галіна Кандрацьева: "Мы пра яго чулі ад Эльжбеты Радзівіл, і нават бачылі здымкі, дзе Марыя Ружа з Браніцкіх выяўлена менавіта ў гэтым палацы. Аднак, на жаль, больш падрабязнай інфармацыі і знешняга выгляду палаца мы не маем. Таму для нас гэта вельмі важна! Мы спадзяемся, што вы перадасцё нам гэтыя здымкі для ўключэння ў экспазіцыю пра палацы Радзівілаў у Еўропе. Бо гэта ці не адзіны род, які меў палацы ў дзевяці еўрапейскіх краінах! Таму ваш матэрыял мы абавязкова выкарыстаем у сваёй экспазіцыі".



Марыя Ружа з Браніцкіх , па мужу Радзівіл, была ўладальніцай палаца ў Рыме і адной з найбагацейшых кабет у Еўропе


Радзівіл прадалі будынак яшчэ перад вайной, таму ніхто з сучаснікаў пра яго не ведаў.
Эльжбета Радзівіл з бацькам князем Альбрэхтам Радзівілам на пікніку ў ваколіцах Рыма. 1920-я гады



Эльжбета Радзівіл, Нясвіж, 2009



Марыя Ружа Радзівіл з дзецьмі: Леонам, Альбрэхтам і Каралем. Дзяўчынка ў цэнтры -- Эльжбета Радзівіл. Нясвіж, 1927 год



Пан Крупеньскі і лекар аўстрыяк Досталь гуляюць у шахматы на другім паверсе палаца Радзівілаў у Рыме. 1920-я гады



Палац Радзівілаў у Рыме. Сучасны выгляд



Цяпер да палаца прыбудаваная лесвіца (злева), якая, зрэшты, патрапіла ў агульны стыль і не вельмі сапсавала яго



Цяпер у палацы месціцца ліцэй



Выгляд палаца з левага боку



Выгляд палаца з даху суседняга будынка



Як тлумачыць пані Эльжбета Радзівіл, "палац быў дужы, бо мая бабка таксама была дужая!.."



Ліхтар, выглядае, захаваўся стары



Элементы фасаду



Тут шклопакеты ніхто не ўстаўляе -- вокны ў палацы новыя, але драўляныя. Аканіцы захаваныя старыя



Элемент дэкору



Агульны выгляд палацу з суседняй вуліцы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі