У Пінску пад суд трапілі кіраўнікі філіяла раённага спажывецкага таварыства

У Пінску пад суд трапілі кіраўнікі філіяла раённага спажывецкага таварыства

Упраўленне Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы, распачатай у адносінах дырэктара і галоўнага бухгалтара гандлёвага філіяла Пінскага раённага спажывецкага таварыства. 36-гадовая жанчына, якая займала пасаду дырэктара, у 2010-2015 гадах скрала грошай і таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на суму каля 100 тысяч дэнамінаваных рублёў. Яна заахвочвала практыку перадачы работнікамі крамаў філіяла наяўных грошай, якія не заўсёды ўносіліся ў касу. Складаліся фіктыўныя вопісы даручэнняў-абавязацельстваў пакупнікоў за атрыманыя тавары ў крэдыт. Таксама кіраўніца загадвала прадаваць тавары без выкарыстання касавага абсталявання, а пасля атрымлівала няўлічаныя грошы. Былі выяўленыя і іншыя парушэнні.

Галоўны бухгалтар абвінавачваецца ў крадзяжы ў 2010 годзе... трактара МТЗ-80.  Яна падбухторыла прадаўца на перадачу праз яе хабару службовым асобам цэнтра гігіены і эпідэміалогіі, а грошы пакінула сабе. Жанчына арганізавала неабгрунтаваную выплату свайму мужу 1750 дэнамінаваных рублёў. Высветлілася, што ўліковыя дакументы філіяла за 2012-2015 гады былі страчаныя.

Дырэктара абвінавачваюць у "крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі" (ч. 2 арт. 210 КК), "унясенні службовай асобай заведама ілжывых звестак і запісаў у афіцыйныя дакументы, учыненыя з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства" (ч. 1 арт. 427). Галоўнага бухгалтара абвінавачваюць адразу па трох артыкулах. Акрамя "крадзяжу шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі", гэта — "падбухторванне да дачы хабару, здзейсненае паўторна" і "махлярства, здзейсненае паўторна". Крымінальную справу накіравалі для разгляду ў суд. На маёмасць абвінавачаных (на агульную суму больш за 60 тысяч рублёў) накладзены арышт, паведамляе афіцыйная прадстаўніца УСК па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі