У Оршы закалацілі дзверы ў кватэру пенсіянера, мужчына ходзіць дамоў праз акно

У Оршы закалацілі дзверы ў кватэру пенсіянера, мужчына ходзіць дамоў праз акно

У Оршы закалацілі цвікамі дзверы ў кватэру, дзе на той момант быў жылец. Былому прыёмнаму бацьку, 65-гадоваму Васілю Гаўрылаўцу, давялося вылазіць праз акно. На шчасце, жыве ён на першым паверсе.

“Я прачнуўся ранкам, а мне тэлефануюць і кажуць, Вася, у цябе дзверы цвікамі забітыя. Я дзверы адчыняць, а яны і праўда забітыя цвікамі!”. 

У Оршы закалацілі дзверы ў кватэру пенсіянера, мужчына ходзіць дамоў праз акно
Мясцовы ЖЭС закалаціў дзьверы цвікамі, замест таго, каб цывілізавана вырашаць праблему!

Былы ваенны разам з жонкай Надзеяй з сярэдзіны 1990-х выхоўвалі прыёмных дзетак. Дзяржава дала ім службовую кватэру на вуліцы Магілёўскай у Оршы і стварыла на яе базе дом сямейнага тыпу. У сям'і ўвесь час выхоўвалася па 8-10 дзяцей, і каб палепшыць умовы жыцця, Дзіцячы фонд дадаткова выдзеліў прыватны дом з участкам. Пры гэтым агаворвалася, калі муж і жонка адпрацуюць прыёмнымі бацькамі болей за 15 гадоў і ў іх заўсёды будзе на выхаванні не меней за 5 дзетак, дом пакінуць ім. Службовая кватэра таксама заставалася за Васілём і Надзеяй. І бацькі не адзін раз спрабавалі прыватызаваць жыллё, але ім увесь час адмаўлялі з той прычыны, што жыллё службовае, чыноўнікі абяцалі, што на пенсіі яны без жылля не застануцца. 

Частка дзяцей была прапісаная там, частка ― у доме. У лістападзе мінулага года памірае жонка Васіля Надзея. Мужчына застаецца адзін, але яго не пазбаўляюць прыёмных дзяцей: аддзел адукацыі працягвае з ім дамову.

“Але я не спраўляўся, пачалі хадзіць камісіі, казаць, што я дрэнна іх кармлю, не гатую “Аліўе”, дзеці пачалі хварэць, ― распавядае Васіль Гаўрылавец. ― У выніку дом расфармавалі. Некаторых дзяцей забралі іх родныя, некаторых адправілі за мяжу ў лагеры. Яны вярнуліся ў прытулак, мне тэлефануюць, татка, чаму ж ты нас не забіраеш, а я кажу, прабачце, дзеткі, не магу”.

Дом адыходзіць фонду, бо да таго моманту, каб ён застаўся ва ўласнасці Васіля Сямёнавіча, не хапіла ўсяго некалькіх месяцаў. А кватэра, у якой жыў пенсіянер, ― службовая. Уваход у яе камунальнікі закалацілі цвікамі і выдралі замок. Цяпер былы прыёмны бацька фактычна застаецца на вуліцы. 

“Я звяртаўся на гарачыя лініі, звяртаўся да начальніка нашай міліцыі, усе разумеюць, што нейкае варварства, кажуць, каб пакуль лазіў праз акно”, ― у роспачы кажа Васіль Сямёнавіч.

Па словах юрыста і таксама прыёмнай маці Алены Кашынай, кватэру Аршанскі суд двойчы прызнаваў месцам фарміравання дома сямейнага тыпу (апошняе рашэнне ў жніўні 2014 года!), і ёсць дакументы.

“Калі дом сямейнага тыпу распаўся, Васіль адмовіўся адтуль высяляцца (гэта адбылося летам 2015 года), ён сам занёс заяву ў ЖЭУ−4 аб тым, што вось ён там жыве ў гэтай кватэры. Але Аршанскі жылкамгас не падаваў на яго ў суд, каб выселіць з кватэры. А цяпер Аршанская камунальная гаспадарка вырашыла выселіць Васіля проста так, без суда!”.

І гэта грубае парушэнне Жыллёвага кодэкса. Артыкул № 85 Кодэкса гаворыць:

“Высяленне грамадзян без прадастаўлення жылога памяшкання ажыццяўляецца праз суд у выпадку, калі грамадзянін самаўпраўна заняў памяшканне, грамадзянін, якому прадастаўлена памяшканне ў якасці апекуна, прыёмнага бацькі, бацькі-выхавацеля прыёмнага тыпу, у выпадку адмовы выселіцца з гэтага жылля па спыненні апекі”.

Аршанскі жылкамгас: “Забіваць цвікі ў дзверы ― гэта метад захавання беларускай маёмасці”

Чаму не было суда, навошта так па-варварску высяляць чалавека? Гэтыя пытанні мы адрасуем у Аршанскае ЖЭУ-4, супрацоўнікі якога і закалацілі дзверы.

“Ён не мае на кватэру ніякіх правоў, ён там не прапісаны, не мае дамовы найму, вось мы і абмежавалі доступ у кватэру”, ― тлумачыць начальнік аддзела пра працы з насельніцтвам Надзея Вайцяховіч. Чыноўніца кажа, што ніякіх судоў не трэба.

Юрыст Аршанскага жылкамгаса Аляксандр Шапавалаў таксама паўтарае, што Васіль Гаўрылавец не мае права на кватэру, а забіваць цвікі ў дзверы ― гэта спосаб абмежавання доступу і спосаб захавання маёмасці. На астатнія пытанні Аляксандр Шапавалаў просіць напісаць запыт.

 

У Оршы закалацілі дзверы ў кватэру пенсіянера, мужчына ходзіць дамоў праз акно
Вось так Васіль Сямёнавіч мусіць забірацца ў дом!

65-гадовы Васіль Гаўрылавец пакуль лазіць у дом, дзе знаходзяцца яго асабістыя рэчы, праз акно. Пайсці пенсіянеру няма куды ― маёмасці ў Беларусі ў яго няма. У цёшчы ёсць кватэра, але яна жыве там сама.

“Мне кажуць, ідзі працаваць, дамо табе пакой у інтэрнаце, але мне 65 гадоў, я хворы, куды я пайду працаваць? У нас не краіна феадальнага ладу ― у нас краіна цывілізаваная”.

Фота: Алены Кашынай, orshagorodmoy.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі