У студэнтаў, якія прыехалі ў Беларусь, падазравалі вірус Эбола

Дваіх студэнтаў з Нігерыі адразу ж ізалявалі і накіравалі ў Мінскую інфекцыйную бальніцу, паведамляе "Комсомольская правда в Беларуси". Пасля гэтага выпадку стала вядома, што ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск" з'явіліся электронныя тэрмометры, якія і паказваюць павышэнне тэмпературы цела ў пасажыраў, што прылятаюць у нашу краіну. Таксама ў аэрапорце ёсць спецыяльны бокс на 150 чалавек. Пры з'яўленні падазрэння пасажыры з пэўнага самалёта будуць аддзеленыя ад астатніх. Ёсць нават спецыяльная медслужба, якая займаецца гэтымі пытаннямі.

Праўда, не выключаныя і збоі абсталявання. Адзначаецца, што нігерыйскія грамадзяне "практычна здаровыя", іх аналізы ў норме, аналіз на вірус Эбола адмоўны. Таму неўзабаве маладых людзей могуць выпісаць. Яны, дарэчы, прыляцелі ў Беларусь для навучання на падрыхтоўчым аддзяленні.

Нагадаем, ад ліхаманкі Эбола ва ўсім свеце памерлі ўжо 4000 чалавек, больш за 8 тысяч заражаныя. Найбольш людзей пацярпела ў Заходняй Афрыцы. Вірус Эбола патрапіў ужо ў Еўропу і ЗША, ёсць загінулыя. Эксперыментальную вакцыну распрацавалі ў Злучаных Штатах, яе выпрабаванні адбываюцца ў Малі. Ліхаманка перадаецца з біялагічнымі вадкасцямі. Навукоўцы падазраюць, што перадача адбываецца і праз дотык.


Для ліхаманкі Эбола характэрныя рэзкае павышэнне тэмпературы цела, агульная слабасць арганізма, мышачны і галаўны боль, боль у горле. Нярэдка такі стан суправаджаецца ванітамі, дыярэяй, парушэннем функцый печані, нырак, часам ўнутранымі і/або знешнімі крывацёкамі. Каэфіцыент смяротнасці ад ліхаманкі даходзіць да 90%.

Фота — AP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі