“У нас шмат снайпераў – тэрарыстаў неабходна бязлітасна прыцэльна знішчаць”

Весці баі па “правілах” сепаратысты на ўсходзе Украіны не жадаюць. То мірных жыхароў Славянска выводзяць на вуліцы горада ў якасці “жывога шчыта” для мясцовай “самаабароны”, то цягнік пасажырскі спрабуюць захапіць, то мабільнымі групамі наведваюцца ў іншыя гарады ды мястэчкі, дзе спрабуюць альбо нейкі будынак захапіць, альбо правакацыю арганізаваць.



Украінскія ваенныя эксперты адмаўляюцца разважаць на тэму, як апярэдзіць “мабільныя групы” сепаратыстаў і правесці антытэрарыстычную аперацыю такім чынам, каб мірныя жыхары не пацярпелі. “Да канца аперацыі ніякіх каментарыяў не даём”, — выбачаецца за адмову адказваць на пытанне Еўрарадыё кіраўнік Цэнтра ваенна-палітычных даследаванняў Дзмітрый Тымчук.



А вось дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны, сябра партыі “Свабода” Юрый Сірацюк упэўнены, баевікоў-сепаратыстаў неабходна ліквідаваць з дапамогай не войскаў, а снайпераў.



Юрый Сірацюк: “У нас ёсць вельмі шмат снайпераў-прафесіяналаў. Зразумела, што неабходна весці прыцэльны агонь па тэрарыстах — іх не так шмат. Але тэрарыстаў неабходна бязлітасна забіваць!”



“Я прыхільнік хуткіх кропкавых удараў”, — падтрымлівае палітыка дацэнт паліталогіі Кіеўскага ўніверсітэта імя Шаўчэнкі Раман Каршук.



Раман Каршук: “Нам трэба ў пэўнай ступені выкарыстоўваць іх тактыку: сепаратысты маюць ударныя мабільныя групы і нам патрэбныя такія ж мабільныя групы. Якія мусяць быць найбольш мабільнымі, чым сепаратысты”.



А паколькі, упэўнены суразмоўца Еўрарадыё, удзельнікі гэтых мабільных груп “сепаратыстаў” — ваенныя прафесіяналы з Расіі, то іх неабходна бязлітасна знішчаць.



Што да мірных грамадзян з “жывых шчытоў”, то дэпутат Юрый Сірацюк раіць вайскоўцам іх папярэджваць не знаходзіцца ў “раёне ваенных дзеянняў” і разыходзіцца. Інакш…



Юрый Сірацюк: “Ужо не трэба глядзець на ахвяры — ахвяр ужо шмат. У Расіі цяпер праходзіць антытэрарыстычная аперацыя ў Хасаўюрце, ёсць забітыя жанчыны. І ніхто ж не крычыць ў бок Расіі, што яна забіла мірных жанчын. Той, хто трапіў у зону баявых дзеянняў, у зону дзеянняў тэрарыстаў, павінен разумець, што ён можа стаць міжвольнай ахвярай”.



Такога ж меркавання прытрымліваецца і дацэнт паліталогіі.



Раман Каршук: “Мірнае насельніцтва неабходна інфармаваць: каб яно уцякала як мага далей ад месцаў баёў, не выходзіла з будынкаў, у каго ёсць такая магчымасць, лепш увогуле некуды з’ехаць. Звычайна, тыя, хто “мірнае насельніцтва”, тыя ў такія падзеі не лезуць. А сепаратыстам, як мне падаецца, не хопіць сіл, каб выгнаць вельмі шмат людзей”.



Адпаведна, тыя “мірныя”, хто застаецца стаяць наперадзе ўзброеных сепаратыстаў, лічацца іх памагатымі з усімі наступствамі, папярэджвае Юрый Сірацюк. Тым больш, што вельмі часта пад выглядам “мірных мясцовых жыхароў”, дадае Раман Каршук, сепаратысты выкарыстоўваюць альбо адмысловых “гастралёраў”, альбо групы грамадзян Украіны, якія “з’яўляюцца антыўкраінскімі”.



Галоўнае, упэўненыя суразмоўцы Еўрарадыё, не спыніць антытэрарыстычную аперацыю. “Чым хутчэй мы яе завершым, тым менш будзе ахвяр”, — лічыць Юрый Сірацюк. Праўда, патлумачыць, чаму кіраўніцтва антытэрарыстычнай аперацыяй не мабілізуе снайпераў і не накіроўвае іх “знішчаць тэрарыстаў”, чаму не ствараюцца мабільныя групы рэагавання і не пачынаецца адпаведнае інфармаванне насельніцтва пра небяспеку знаходжання ў жывым шчыце”, ні палітык, ні палітолаг не могуць.

Фота: kvedomosti.com, www.unian.net, polpravda.com,

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі