У Мінску пройдуць суды за акцыю салідарнасці з Эдуардам Пальчысам

У Мінску пройдуць суды за акцыю салідарнасці з Эдуардам Пальчысам

30 чэрвеня суд Маскоўскага раёна Мінска разгледзіць адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў акцыі салідарнасці з Эдуардам Пальчысам ("Джонам Сільверам"). Акцыя прайшла 9 чэрвеня каля вядомай "Валадаркі" — СІЗА №1 МУС па вуліцы Валадарскага. У пікеце, які ініцыяваў Павел Севярынец, прынялі ўдзел сем чалавек.

Як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", сустаршыню аргкамітэта БХД Паўла Севярынца вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі.  Яго пачнуць судзіць у 9.30.

У гэты ж час пачнецца суд над актывістам АГП Дзянісам Краўчуком. Яго, як і астатніх, вінавацяць у парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.

У 15.30 адбудзецца суд над актывістам “Еўрапейскай Беларусі” Максімам Вінярскім.

Таксама на 30 чэрвеня прызначаны разгляд справы рэжысёра Вольгі Нікалайчык. Але яна пакуль не вызначылася, ці пойдзе на суд.

Актывіста АГП Антося Жылко за ўдзел у пікеце паспелі асудзіць 27 чэрвеня. Яму прызначылі штраф у 10,5 млн рублёў (50 базавых велічыняў).

Як паведамлялася раней, рэдактар сайта www.1863x.com Эдуард Пальчыс быў затрыманы на тэрыторыі Расіі ды перададзены ў Беларусь. Яго вінавацяць у распальванні расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы, а таксама распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў. Беларускія палітыкі ўпэўненыя ў палітычнай аснове "справы Пальчыса".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі