У Мінску не дазволілі канцэрт Die Antwoord “праз нізкі мастацкі ўзровень”

У Мінску не дазволілі канцэрт Die Antwoord “праз нізкі мастацкі ўзровень”

У Мінску не дазволілі канцэрт сусветна вядомага паўднёваафрыканскага хіп-хоп гурта Die Antwoord. Прычына — “нізкі мастацкі ўзровень”, паведамляе Onliner.by.

Спачатку Мінгарвыканкам не задаволіла ўзроставае абмежаванне "16+". У другой заяўцы яго выправілі на "18+", але гэта таксама не дапамагло. У афіцыйным адказе мінскіх ідэолагаў з подпісам галоўнага з іх, Паўла Скалабана, паведамляецца, што прычынай адмовы стаў знакаміты пункт 1.3 артыкула 2015 Кодэкса аб культуры, добра вядомы, напрыклад, беларускаму гурту Dzieciuki: 


"Падставы для адмовы ў выдачы і анулявання пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь: заключэнне мастацкага савета па культурна-відовішчных мерапрыемствах пра нізкі ўзровень выканання, прадугледжанага праграмай культурна-відовішчнага мерапрыемства".

То бок культавых хіп-хопераў і фрыкаў, кліпы якіх збіраюць сотні мільёнаў праглядаў, а самі музыкі дзе толькі не выступалі, і нават неаднойчы (!) у Расіі, сур'ёзныя беларускія ідэолагі палічылі не вартымі таго, каб прыехааць у Беларусь, праз "нізкую якасць іх музыкі". Спадзяемся, што розгалас, які цяпер падымецца, усё ж прымусіць чыноўнікаў перагледзець свае пазіцыі.


Калі не, у беларускіх прыхільнікаў гурта ёсць магчымасць трапіць на канцэрт Die Antwoord 6 жніўня ў Кіеве, 9-га ў Санкт-Пецярбургу і 10-га ў Маскве.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі