У Мінску была пагоня за BMW, пашкоджаныя дзве машыны ДАІ (АБНОЎЛЕНА)

У Мінску была пагоня за BMW, пашкоджаныя дзве машыны ДАІ (АБНОЎЛЕНА)

Уначы 28 сакавіка ў Мінску даішнікі пераследавалі BMW. Пагоня пачалася на вуліцы Еўфрасінні Полацкай, працягнулася ў Сухараве, а пасля праз кальцавую і Партызанскі праспект выйшла на магілёўскую шашу. Праз нейкі час легкавік развярнуўся і на вялізнай хуткасці зноў паехаў у Мінск, на Партызанскі праспект, інфармуе сайт abw.by са слоў відавочцаў.

Да пагоні далучаліся ўсё новыя экіпажы ДАІ. Каля ўнівермага "Беларусь" парушальнік закрануў адну машыну ДАІ. Пагоня працягвалася па вуліцы Ванеева, праспекце Ракасоўскага, па Трасцянецкай, Леніна, Энгельса. Аўтамабіль амаль даехаў да праспекта Незалежнасці, развярнуўся і паехаў у бок Серабранкі. На Смаленскай вуліцы BMW удалося спыніць, аўтамабіль выляцеў на тратуар. У салоне знаходзіліся хлопец і дзяўчына, іх затрымалі.

"Наша ніва" са спасылкай на ДАІ дадае, што пагоня пачалася, калі ў раёне Прытыцкага легкавік ехаў з відавочным перавышэннем хуткасці. За стырном была 19-гадовая дзяўчына, на пасажырскім месцы — 17-гадовы хлопец (мінчукі, аўтамабіль належыць бацькам аднаго з іх). Падчас руху яны памяняліся месцамі. У ДАІ кажуць, што ў пагоні былі задзейнічаныя 9-10 машын, дзве з іх маюць пашкоджанні. Стралялі па колах толькі за горадам, але кіроўца BMW намагаўся збіць службовую машыну. Легкавік спыніўся сам — вадзіцель не саўладаў з кіраваннем і машына ўехала ў бардзюрны камень, збіла дарожны знак, які разбіў лабавое шкло.

Высветлілася, што хлопец быў цвярозы, а дзяўчына — у стане алкагольнага ап'янення. Яны затрыманыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі