У Мінску дыхаць лягчэй, чым у Варшаве. 5 фактаў пра мінскае паветра

У Мінску дыхаць лягчэй, чым у Варшаве. 5 фактаў пра мінскае паветра

Калі днямі ў Варшаве быў жахлівы смог, жыхарам Мінска дыхалася амаль як звычайна. У чым прычына? Распытваем пра сталічнае паветра Багдану Казярук, начальніцу інфармацыйна-аналітычнага аддзела маніторынгу атмасфернага паветра Гідрамета.

* Узімку канцэнтрацыя дыаксіду азоту ў Мінскім паветры можа ўздымаецца да 0,9 ГДК [гранічна дапушчальная канцэнтрацыя, — Еўрарадыё]. Для Мінска гэта ўжо шмат, мы да такіх канцэнтрацый не прызвычаіліся. Жыхары пэўных раёнаў могуць адчуць дыскамфорт. Калі ГДК роўны 1 — гэта яшчэ нармальна. Калі больш, трэба прымаць меры. Калі ў Варшаве быў смог, у Мінску ўтрыманне дыаксіду азоту ў раёне вуліц Судмаліса, Шчорса, у раёне вакзала было 0,7-0,9 ГДК. А ва Уруччы было 1,9 ГДК дыаксіду азоту, 2,9 ГДК — аксіду азоту. Але вельмі на кароткі час — на дваццаць хвілін.

* Калі ў Мінск прыходзіць халоднае арктычнае паветра, у горадзе дыхаецца добра. Халоднае паветра лягчэйшае за забруджанае, і таму выціскае яго з Мінска. Моцны вецер, нізкія тэмпературы — для паветра гэта добра. А вось штыль не спрыяе рассейванню забруджвальных рэчываў. Яны затрымліваюцца ў горадзе.

У Мінску дыхаць лягчэй, чым у Варшаве. 5 фактаў пра мінскае паветра
Мікрараён "Каскад" у цэнтры Мінска. Фота: Onliner.by

* У Мінску людзі ад смогу ніколі не паміралі. А вось у Маскве, напрыклад, было шмат лятальных вынікаў у 2010 годзе, калі гарэлі лясы. Людзі сталага веку і дзеці вельмі адчувальныя да гэтага. Але ў Беларусі смогі ўвогуле адбываюцца нячаста. 2016 год быў вельмі добрым. Шмат ападкаў, умераны вецер большую частку года. А вось у 2015 годзе смогавая сітуацыя назіралася ў першай палове жніўня і была звязаная з анамальна высокімі тэмпературамі. Тады мы фіксавалі істотны рост канцэнтрацыі ў паветры прыземнага азону і фармальдэгіду. У кастрычніку 2014 года былі дрэнныя метэаралагічныя ўмовы, тады рост забруджвання назіраўся па ўсёй Беларусі.

* Зімовы смог называецца "лос-анджэлескі": там яго ўпершыню зафіксавалі і добра вывучылі. Узімку забруджанне прыходзіць з прыгарадаў Мінска праз тое, што там пячное ацяпленне. Адпаведна, цяжэй за ўсё дыхаецца на ўскрайках горада. У Польшчы днямі таксама былі моцныя маразы, а там для ацяплення выкарыстоўваюць вугаль. Гэта не наш прыродны газ, які атмасферу не забруджвае. Так што, наша сістэма цэнтралізаванага ацяплення абараняе нас ад смогу.

* Мікрараён "Уручча", нягледзячы на атаку выкідаў з прыгараду, трымае статус самага чыстага ў Мінску. Ён месціцца ў паўночнай частцы горада, там няма буйных прамысловых прадпрыемстваў. А самае бруднае паветра ў Мінску, як і ў любым беларускім горадзе — у цэнтры. У Мінску прадпрыемствы раскіданыя па ўсім горадзе. Цэнтр знаходзіцца пад іх уплывам незалежна ад напрамку ветру. Любое прадпрыемства "дыхае" на цэнтр.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі