У Мінску 11 беларускіх класаў, у Брэсце не могуць адкрыць такі клас для 1 чалавека

“Валоданне роднай мовай — паказчык нашай культуры, самаідэнтыфікацыі як нацыі. На мой погляд, усе выкладчыкі без выключэння павінны валодаць беларускай мовай і, калі ў класе ёсць хоць бы адзін вучань, які размаўляе на беларускай, то і педагог павінен адказваць яму на роднай мове“, — цытуе Белта словы віце-прэм’ера Анатоля Тозіка падчас візіта ў магілёўскую школу.

Ялінка Салаўёва з Магілёва сёлета ідзе ў пяты клас, ужо некалькі гадоў яна адна вучаніца ў класе.

“Мы далі рэкламу, вырабілі ролік, развесілі невялічкія плакаты. Месяц таму аднакласнікаў для яе не знайшлі. Ужо два гады яна адна вучыцца. Школа добра ставіцца да класа, бо гэта гадзіны і прасцей весці, чым у вялікім класе. Але для чыноўнікаў з адміністрацыі — гэта лішнія выдаткі”, — расказвае бацька пяцікласніцы Зміцер.

Шасцігадовая Каміла з Брэста сёлета не зможа пайсці ў першы беларускамоўны клас. Каб адкрыць такі клас, не хапіла вучняў, расказвае бацька дзяўчынкі Алесь Ляўчук.

"Ад пачатку нам паставілі ўмову знайсці пяць чалавек. Я лічу, што гэта незаконна, бо ўсе мы ведаем, што ў Магілёве ёсць клас, дзе вучыцца адзін чалавек. Чамусьці ў Брэсце і ў Магілёве розныя законы".

Па-беларуску навучанне толькі да 4 класа, даводзяць брэсцкія чыноўнікі.

“У нас ёсць пачатковая школа і сад, там да 4 класа вучацца па-беларуску”, — тлумачаць у аддзеле адукацыі брэсцкага гарвыканкама.

А па Брэсцкай вобласці беларускія школы і класы — у кожным раёне, падлічваюць ва упраўленні адукацыі спорту і турызму аблвыканкама.

“У нас у некаторых раёнах выкладанне толькі па-беларуску. Напрыклад, у пінскім раёне. Але інфармацыя пра колькасць будзе ўжо пасля пачатку навучальнага году. Колькасць іх у нас трымаецца на адным узроўні”, — гавораць чыноўнікі.

Тры беларускамоўныя класы ёсць у 33-тысячных Горках Магілёўскай вобалсці. Адзін з іх сёлета выпускаецца.

“У дзвюх школах у нас 3 беларускамоўныя класы. У двух па чатыры чалавекі і ў адным восем”, — пералічваюць у мясцовым аддзеле адукацыі.

Амаль двухмільённы Мінск у мінулым навучальным годзе меў 11 школ, дзе ёсць беларускамоўныя класы, у адной школе і 5 гімназіях усе навучаюцца па-беларуску. Тэставанне па беларускай мове сёлета здавалі 25 тысяч абітурыентаў, па рускай мове — 76 тысяч.

Фота: fishki.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі