У Мінск прыехаў часовы павераны Швецыі Марцін Оберг

Як даведалася Еўрарадыё, Обергу 42 гады, у Мінск ён прыехаў разам з жонкай. Дагэтуль дыпламат працаваў у амбасадзе Швецыі ў Маскве, дзе загадваў эканамічным аддзелам. Марцін Оберг (на здымку) пакуль не атрымаў акрэдытацыю ад беларускага МЗС, але чакаецца, што ён пачне працаваць у верасні. Шведскае дыппрадстаўніцтва ў Беларусі прыезд часовага паверанага не каментуе.


Аб аднаўленні працы шведскай дыпмісіі ў Беларусі ў красавіку ў сваім твітары паведаміў міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт.


“Пасля пэўных складанасцяў неўзабаве мы зноў накіруем часовага паверанага кіраваць нашым пасольствам у Мінск. Гэта добра для кожнага”, — напісаў ён.


Нагадаем, што 1 жніўня 2012 года беларускія ўлады паінфармавалі Швецыю пра непрацяг акрэдытацыі паслу Стэфану Эрыксану. Дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці. У адказ на гэта шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага пасла Беларусі і рэкамендавалі двум супрацоўнікам пасольства пакінуць Стакгольм. 8 жніўня мінулага года МЗС Беларусі абвясціў пра адкліканне ўсіх супрацоўнікаў беларускага пасольства ў Стакгольме. Шведскаму боку было рэкамендавана прыняць аналагічныя меры і адклікаць усіх сваіх дыпламатаў з Мінска.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі