У Маскве чачэнцы штурмавалі будынак

У Маскве чачэнцы штурмавалі будынак

Маскоўская міліцыя пачала крымінальную справу па факце масавага пабоішча на ўсходзе расійскай сталіцы. Як паведамляе "Росбалт", у гэтым раёне больш за 30 ураджэнцаў Чачні са зброяй спрабавалі штурмаваць будынак. Падчас страляніны ёсць параненыя. 11 затрыманых прыцягнулі пакуль толькі да адміністрацыйнай адказнасці.

Паведамляецца, што здарэнне адбылося зранку 3 лютага ў комплексе, дзе размешчаныя станцыя па тэхнічным абслугоўванні аўтатранспарту і двухпавярховы офісны будынак. Комплекс абнесены цагляным плотам. За будынкі ідзе спрэчка ў арбітражных судах.

Нечакана праз плот палезлі людзі з бітамі, арматурай і пісталетамі. Яны збілі ахоўнікаў і паспрабавалі ўварвацца ў будынак, але дзверы былі зачыненыя. Тады, як кажа відавочца, нападнікі пачалі страляць па вокнах і дзвярах. Спынілася страляніна толькі пасля прыбыцця супрацоўнікаў паліцыі. Каля 20 нападнікаў паспелі ўцячы, а 11 чалавек былі затрыманыя, хаця і паспелі кінуць зброю. На месцы здарэння знайшлі вялікую колькасць траўматычных пісталетаў і баявы пісталет Макарава з глушыцелем.

Падчас нападу пацярпелі каля дзесяці чалавек, прычым траіх давялося шпіталізаваць. У прыватнасці, адзін мужчына атрымаў сур'ёзнае агнястрэльнае раненне ў спіну.

Міліцыя кажа, што затрыманыя ўраджэнцы Чачні ў Маскве займаюцца тым, што аказваюць сілавую падтрымку пры "спрэчках гаспадарчых суб'ектаў". Паведамляецца, што такіх груп у расійскай сталіцы дзейнічае больш за дзесяць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі