У Латвіі заявілі, што паміж Беларуссю і ЕС магчымая адмена візавага рэжыму

Паміж Беларуссю і Еўрасаюзам магчымая адмена візавага рэжыму. У латвійскім МЗС кажуць, што гэты працэс можа пачацца, толькі калі ў Беларусі будуць вызваленыя ўсе палітвязні (самы вядомы з іх — экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч).

Міністр замежных справаў Латвіі Эдгар Рынкевіч на мінулым тыдні заявіў, што з’явіліся некаторыя “новыя зрухі” ў адносінах з Беларуссю, што можа стаць пачаткам перамоваў для адмены візавага рэжыму з ЕС, паведамляе euobserver.

Міністр адзначыў, што, пачынаючы перамовы па лібералізацыі візавага рэжыму, будуць закранацца пытанні пра грамадзянскія свабоды.

Па словах дзяржаўнага сакратара Міністэрства замежных спраў Латвіі Андрэя Пільдэговіча, менавіта рашэнне пра вызваленне палітычных зняволеных можа стаць падставай да станоўчага рашэння па гэтым пытанні.

“Мы не будзем пераглядаць нашу пазіцыю па палітвязнях. Яны мусяць вызваліць тых трох асобаў, якія згадваліся раней. Мы працягваем аказваць ціск на Беларусь, каб паскорыць іх вызваленне”, — заявіў Пільдэговіч у пятніцу.

Юрыс Пойканс, латвійскі дыпламат, які адказвае за Усходняе Партнёрства, распавёў, што самым вялікім пытаннем у лібералізацыі візавага рэжыму з’яўляецца тое, ці варта ўключаць ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў, у першы этап перамоваў па адмене візаў.

“Яны хочуць мець той жа фармат, што і Азербайджан з Арменіяй, якія таксама пачалі перамовы па лібералізацыі візавага рэжыму. Але ў выпадку з Беларуссю, мы павінны былі б змяніць мандат, які ў цяперашні час не ўключае ў сябе ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў”, — адзначыў Пойканс.

“Беларусь хоча быць прадстаўлена на саміце ў Рызе на самым высокім узроўні", — сказаў палітык, намякаючы на магчымую прысутнасць Аляксандра Лукашэнкі, які на сённяшні дзень знаходзіцца ў чорным спісе ЕС.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі