У Латвіі бабёр напаў на чалавека і ўзяў яго ў закладнікі

У Латвіі бабёр напаў на чалавека і ўзяў яго ў закладнікі

У латвійскім Даўгаўпілсе бабёр напаў на чалавека і літаральна ўзяў яго ў закладнікі. Пра гэта піша партал grani.lv.

Здарэнне адбылося ў сярэдзіне красавіка. На жыхара Даўгаўпілса Сяргея, які вяртаўся дадому пасля сустрэчы з сябрамі, напаў бабёр. Чалавек паспрабаваў спужаць яго, але жывёлу гэта не спыніла, яна ўчапілася яму ў нагу. Ён адштурхнуў бабра і паспрабаваў яго ўдарыць, але грызун не здаваўся і паваліў мужчыну на зямлю.

Пасля гэтага жывёла ўзяла гараджаніна ў палон — пакуль Сяргей ляжаў, бабёр не кранаў яго і проста сядзеў побач, але кожны раз, калі мужчына спрабаваў падняцца, жывёла ўпівалася ў нагу. У такім стане Сяргей патэлефанаваў у службу ратунку, дзе яму не паверылі і кінулі трубку. Тады мужчына датэлефанаваўся да свайго сябра, які пасля роздуму ўсё ж пагадзіўся прыехаць.

Пакуль сябар на вялікай хуткасці ехаў да Сяргея, яго спыніла паліцыя. Калі праваахоўнікі пачулі, што ён едзе ратаваць знаёмага ад бабра, прапанавалі яму падзьмуць у трубачку. Пераканаўшыся, што ён цвярозы, прыехалі разам з ім. Паліцэйскія і выклікалі хуткую.

Ратавальнікі заяўляюць, што тэлефанавання ад мужчыны не паступала. Першы званок быў зафіксаваны толькі ад паліцэйскіх. Пасля гэтага на месца здарэння выехалі ратавальнікі, знайшлі бабра і выпусцілі яго ў нейкі вадаём.

У Беларусі бабры неаднаразова нападалі на людзей. У Гомелі ў 2014 годзе грызун напаў на раварыста, а ў 2013-м у Камянецкім раёне ад укуса гэтай жывёлы загінуў мужчына.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі