У інтэрнэце збіраюць подпісы супраць новага закона пра адтэрміноўку ад войска

У інтэрнэце збіраюць подпісы супраць новага закона пра адтэрміноўку ад войска

На сайце petitions.by з'явіліся дзве петыцыі супраць зменаў у заканадаўстве, якія скасоўваюць адтэрміноўку ад войска.

Як распавядала Еўрарадыё, адпаведны законапраект днямі паступіў на разгляд у Палату прадстаўнікоў. У ім прапаноўваецца даваць адтэрміноўку ад войска толькі адзін раз. Людзей, якія праігнаравалі прызыў без законных падставаў, плануюць не прымаць на дзяржаўную службу. А праца па размеркаванні можа быць замененая службай у войску. 

Аўтар петыцыі прапануюць вярнуць адтэрміноўку ад войска для тых, хто хоча працягнуць навучанне ў аспірантуру ці магістратуру. 

Таксама яны звяртаюць увагу, што адтэрміноўку ад войска не могуць атрымаць навучэнцы, якім падчас атрымання вочнай прафесійна-тэхнічнай адукацыі або сярэдняй спецыяльнай адукацыі споўнілася 18 гадоў і вырашылі паступаць на вочную форму вышэйшай адукацыі. Пры гэтым пад гэтае абмежаванне не трапляюць людзі, якім споўнілася 18 гадоў падчас атрымання агульнай сярэдняй адукацыі.

"Такім чынам, вышэйзгаданы праект Закона, мяркуем, адвольна дыскрымінуе дзяцей, якія паступілі ў першы клас ва ўзросце 7 і больш гадоў, а таксама ўшчамляе права на атрыманне вышэйшай адукацыі тых з іх, хто паступіў на вочную форму навучання сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Тым самым праект закона, на нашу думку, супярэчыць артыкулам 22, 23 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь", — аргументуюць аўтары петыцыі.

У сувязі з гэтым яны прапаноўваюць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў наступныя праўкі ў закон: "Просім са згоды Савета міністраў выключыць з праекта закона "Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы" пункт 2 артыкула 1 і артыкул 10 альбо адхіліць законапраект у цэлым".

Па стане на 10-ю гадзіну раніцы 25 чэрвеня пад адной з петыцый паставілі свае подпісы больш за тысячу чалавек, пад другой — больш за 800. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі