У Хойніцкім раёне зладзілі абрад Русалле (фотарэпартаж)

7 чэрвеня ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна зладзілі абрад Русалле. Праводзіцца ён штогод на Русальным тыдні, у першую нядзелю пасля Сёмухі.

Галоўны персанаж абраду — Русалка. Гэта ўвасабленне нячыстай сілы, якая шкодзіць людзям. Мясцовая жыхарка Галіна Харошка ўзгадвае, што некалі Русалкамі палохалі дзяцей:

“Яны ходзяць па вёсцы, топяць дзяцей у сажалках, коням грывы заплятаюць, жыта “калашмуцяць”. Мы ж вельмі баяліся ў дзяцінстве іх, таму што кажа маці: “Як сустрэнецца Русалка, яна дасць “смаловую цыцку” — са смалы цыцка… Дык бойцеся ж!”.

На ролю Русалкі па традыцыі абіраюць прыгожую незамужнюю дзяўчыну, убіраюць яе ў зеляніну. Плятуць гуртом вялікі рытуальны вянок, а звычайны маленькі — кожны сам сабе. Увечары Русалку ў атачэнні двух хлопцаў-ахоўнікаў вядуць з абрадавымі песнямі ў жыта, несучы за ёй вялікі вянок. Каля поля яго асвячаюць над вогнішчам, раздзіраюць і дзеляць паміж сабой. Асвячае і кожны свой маленькі вянок, які потым разам са здабытым кавалкам вялікага кладуць у агародзе на градкі.

Дзяўчына-Русалка збягае ў поле, дзеці даганяюць яе і здзіраюць зялёнае адзенне. З гэтага часу і да наступнага году Русалка не павінна больш шкодзіць людзям. Заканчваецца дзеянне скокамі праз вогнішча. Удзельніца Жанна Харошка тлумачыць сэнс абраду наступным чынам:

“Мы зганяем усю нячыстую сілу, каб было ўсё ў нашай вёсцы добра, каб дажджы ішлі і каб былі ў нашым сяле ўсе здаровыя. І для гэтага мы зганяем Русалку — усё нядобрае, нечысць зганяем з сяла”.

Вялікаборцы ўзгадваюць, што раней абрад меў большы маштаб і Русалак праводзілі з двух канцоў вёскі. Але ў свой час Русалле ў Вялікім Боры адчула заняпад і перастала праводзіцца. Пасля абрад быў адноўлены і сёння ён мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі