У гомельскай калоніі Марыю Калеснікаву прэсуюць зняволеныя — "Наша Ніва"

Раміна Пятравічус і Стэла Мамулян

Раміна Пятравічус і Стэла Мамулян / "Наша Ніва"

У гомельскай калоніі №4 адміністрацыя прэсуе палітзняволеных рукамі іншых зняволеных. "Наша Ніва" піша пра дзвюх жанчын, якія актыўна супрацоўнічаюць з адміністрацыяй калоніі.

Адна з іх — Раміна Пятравічус. Ёй каля 23—25 гадоў. Расказваюць, што асуджаная яна паводле 328-га артыкула — то бок за наркотыкі. У Раміны ёсць маленькае дзіця.

Адна з паліт зняволеных расказала, што ў калоніі мацюкацца нельга. Але яна паскардзілася заўгасу, што Раміна на яе мацюкаецца, тая пазбегла пакарання: "Ранкам я прыйшла да заўгаса і сказала, што Раміна на мяне мацюкалася. Заўгас сабрала дзяўчат з нашай секцыі, яны ўсе сказалі, што я прыдумляю. Я зразумела, што нічога не дакажу, і выбачылася. Відаць, Раміна думала, што новую палітычную трэба аўтаматычна прэсаваць, але потым ёй, можа, прыйшоў загад зверху мяне не чапаць".

У канцы 2022-га Раміна данесла на Марыю Калеснікаву, што тая мацюкалася. За гэта Марыю выклікалі на камісію. Іншыя зняволеныя ўпэўненыя, што Калеснікава не магла мацюкацца.

Таксама ёсць звесткі, што ад прэсінгу з боку Пятравічус пацярпела Сафія Сапега.

А палітзняволенай Антаніне Канавалавай Раміна налівала ваду ў ложак ці ў боты. Хадзіць ці стаяць на марозе ў мокрым абутку вельмі складана.

Другая зняволеная, якая супрацоўнічае з адміністрацыяй — 23-гадовая Стэла Мамулян. Раней яна займалася футболам і гуляла ў адной з моладзевых камандаў жаночага клуба "Зорка-БДУ", а за клуб "Інфініці" — у спаборніцтвах па міні-футболе.

"Наша Ніва" піша, што дзяўчыну пераводзілі з атрада ў атрад, каб яна распрацоўвала палітзняволеных. Дзяўчына ладзіла правакацыі: яна магла, напрыклад, напасці фізічна на палітзняволеную ці падкінуць ёй у ложак выкарыстаныя пракладкі.

Экс-палітзняволеная Міа Міткевіч апісвае Стэлу і Раміну так: "Трэба падставіць кагосьці, абліць ці нешта падкінуць — калі ласка". Міткевіч кажа, што цярпела ад фізічнага гвалту з боку Стэлы, але тую ніхто за гэта не караў.

За сваю "працу" Мамулян, як кажуць, карысталася свабодай у асабістым жыцці — магла свабодна завязваць адносіны з іншымі зняволенымі жанчынамі.

У нейкі момант Мамулян апынулася ў адным атрадзе з Калеснікавай і падвяла яе пад першы рапарт за "парушэнне". Дзяўчына пазычыла ў Марыі гадзіннік і паказала яго супрацоўнікам калоніі. Чымсьці дзяліцца — фармальна парушэнне ўнутраных правілаў калоніі. За "парушэнне" пакаралі толькі Калеснікаву, хаця правілы прадугледжвалі пакаранне абедзвюх "парушальніц".

Яшчэ адно пакаранне Калеснікавай таксама звязваюць са Стэлай. Ёй паставілі рапарт за "парушэнне", бо яна нібыта самавольна сышла з працоўнага месца ў прыбіральню. "Звычайна перад тым, як сысці ў прыбіральню, зняволеныя папярэджвалі брыгадзірку, то бок крычалі ёй, што выходзяць. Зняволеная, з якой мы гутарылі, упэўненая, што і Марыя не магла выйсці без папярэджвання, бо не хацела праблем. Тым не менш, яна атрымала рапарт, быццам сышла самавольна", — піша "Наша Ніва".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі