У Германіі затрымалі беларускага бізнесмена Юрыя Авер’янава

У Германіі затрымалі беларускага бізнесмена Юрыя Авер’янава

У Германіі затрымалі беларускага бізнесмена Юрыя Авер’янава. Пра гэта БЕЛТА паведаміў афіцыйны прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Дзмітрый Брылёў. Яшчэ восенню мінулага года з Мінска адправілі ў Берлін пакет дакументаў на выдачу Авер’янава. 18 студзеня беларуса затрымалі нямецкія праваахоўнікі, а 21-га адзін з раённых судоў Берліна прыняў рашэнне аб узяцці бізнесмена пад варту з мэтай яго выдачы на радзіму.

Юрый Авер’янаў быў аб’яўлены ў міжнародны вышук у кастрычніку 2017 года. У Беларусі яго падазраюць “ва ўхіленні ад выплаты сумаў падаткаў, збораў шляхам утойвання, наўмыснага заніжэння падатковай базы альбо шляхам ухілення ад прадстаўлення падатковай дэкларацыі або ўнясення ў яе заведама ілжывых звестак” (арт. 243 КК). У залежнасці ад нанесенай шкоды (у буйным ці асабліва буйным памеры), бізнесмену пагражае штраф, арышт на тэрмін да 6 месяцаў, абмежаванне волі — ад 3 да 5 гадоў, ці пазбаўленне волі ад 3 да 7 гадоў, з канфіскацыяй маёмасці ці без канфіскацыі, з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады і займацца пэўнай дзейнасцю.

Як вядома, Авер’янаў — адзін з першых доларавых мільянераў у Беларусі. Ён адкрываў буйныя рынкі і забаўляльныя ўстановы ў Мінску, у тым ліку рэчавы рынак на стадыёне “Дынама”, аўтарынак. Бізнесмен заснаваў першы прыватны парк атракцыёнаў “Дрымленд”. Аднак некалькі гадоў таму ў яго пачаліся праблемы з крэдыторамі, і ён з’ехаў за мяжу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі