У федэрацыі футбола не разумеюць, за што міліцыя затрымала фанатаў з "Пагоняй"

У федэрацыі футбола не разумеюць, за што міліцыя затрымала фанатаў з "Пагоняй"

Прэс-служба Беларускай федэрацыі футбола пракаментавала сітуацыю з затрыманнем на ўчорашнім матчы Беларусь — Македонія (ён праходзіў на "Барысаў-Арэне") 5 фанатаў, у якіх былі шалікі з гербам "Пагоня". Іх збіраюцца сёння судзіць у Барысаве.

Як інфармуе by.tribuna.com, у паведамленні прэс-службы БФФ адзначаецца: "Зараз мы спрабуем разабрацца ў сітуацыі. Нам абсалютна не зразумела, як сімволіка, не забароненая заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, а таксама не ўваходзіць у забароненыя спісы ФІФА і УЕФА, можа служыць падставай для затрымання балельшчыкаў у ходзе матчу".

Кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Румас таксама пракаментаваў гэтую інфармацыю:

"Адносна затрыманняў фанатаў цяпер разбіраемся з міліцыяй. У бліжэйшы час прэс-служба выступіць з заявай на гэты конт".

Фанатаў затрымалі ў беларускім фан-сектары на "Барысаў-Арэне" падчас футбольнага матчу Беларусь — Македонія за шалікі з "Пагоняй". Здарэнне адбылося ўвечары 12 кастрычніка, калі ішоў першы тайм паядынку. На іх склалі пратаколы за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Хлопцам пагражае адміністрацыйны арышт. Сярод затрыманых апынуўся вядомы апазіцыйны дзеяч Зміцер Хведарук. Іншыя фанаты, якія былі ў сектары, на знак пратэсту, пакінулі трыбуну.

Як вядома, герб "Пагоня" занесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Блогер Антон Матолька з гэтай нагоды напісаў ліст міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу. Ён просіць патлумачыць, на падставе якіх прававых дакументаў міліцыя мае прэтэнзіі да грамадзян з нацыянальнай сімволікай (бел-чырвона-белым сцягам і гербам "Пагоня").

Блогер Матолька напісаў ліст міністру ўнутраных спраў пра сімволіку

Фота: Instagram

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі