“У ЕС прызнаюць: Беларусь ― самая стабільная краіна “Усходняга партнёрства”

“У ЕС прызнаюць: Беларусь ― самая стабільная краіна “Усходняга партнёрства”

24 кастрычніка Беларусь наведаў чарговы высокі госць з Польшчы ― намеснік старшыні Савета міністраў, міністр развіцця і фінансаў Польшчы Матэвуш Маравецкі. І нават меў сустрэчу з кіраўніком Беларусі. А перад гэтым былі ўзаемныя візіты беларускага міністра замежных спраў у Польшчу і наадварот ― кіраўніка польскага знешнепалітычнага ведамства ў нашу краіну. Чаго не было ўжо вельмі даўно. Што стала прычынай рэзкага пацяплення адносінаў паміж нашымі краінамі, да чаго гэта пацяпленне можа прывесці, ці будзе ўведзены малы памежны рух з Польшчай? Каб адказаць на гэтыя ды іншыя пытанні ў студыю Еўрарадыё завітаў старшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Дзяніс Мельянцоў.

Цалкам размову з Дзянісам Мельянцовым можна паслухаць:

Найлепшыя цытаты з размовы:

Адразу пасля ўвядзення ў 2014 годзе Еўрасаюзам санкцый у дачыненні да Расіі і антысанкцый з расійскага боку, у Польшчы зразумелі: каб не пазбавіцца свайго экспарту ― з Беларуссю трэба наладжваць стасункі.

Калі дыялог паміж Польшчай і Беларуссю будзе ісці далей, то і беларускія ўлады будуць больш лаяльна ставіцца і да польскіх школ, і да незарэгістраванага Саюза палякаў.

Пытанне малога памежнага руху наўрад ці будзе вырашана ў бліжэйшы час. Бо пытанне гэтае нават не палітычнае, а эканамічнае: па выніках 2015-га года беларусы пакінулі ў “памежнай паласе”, у межах малога памежнага руху, прыкладна 2 мільярды польскіх злотых, а палякі ў беларускім памежжы ― 60 мільёнаў злотых.

У Беларусі рыхтуецца дакумент, які дазволіць замежнікам наведваць нашу краіну без віз на абмежаваны тэрмін. Нешта такое ж можа быць і з еўрапейскага боку.

У Польшчы вырашылі: калі Беларусь можа быць саюзнікам у вырашэнні ўкраінскага крызісу і дапамагчы ў вырашэнні эканамічнай сітуацыі ва ўмовах санкцый і контрсанкцый, то лепш канструктыўна супрацоўнічаць, а пытанні правоў чалавека ― адсунутыя на трэці-чацвёрты план.

Афіцыйна еўрапейцы гэтага не кажуць, але прызнаюць: Беларусь ― найбольш стабільная краіна з усяго “Усходняга партнёрства”.

Нармалізацыя стасункаў з Захадам зараз больш устойлівая, чым у 2009 годзе. Гэта дазваляе меркаваць, што стасункі гэтыя будуць развівацца і далей і праз гадоў 5-7 нарэшце будзе падпісаная і ратыфікаваная дамова аб супрацоўніцтве і добрасуседстве з Еўрасаюзам, ― неяк больш зараз аптымізму.

Палякі маюць менш выразную алергію на беларускую АЭС, чым літоўцы, і калі беларуская электрычнасць будзе таннай, то яны будуць яе набываць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі